Святая Імша падчас Кангрэса, прысвечанага Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса ў ЗША Святая Імша падчас Кангрэса, прысвечанага Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса ў ЗША  (Andrew Long)

ЗША: адбыўся першы ў свеце кангрэс на тэму энцыклікі Dilexit nos

У Вестэрвіле, штат Агаё, адбыўся кангрэс, прысвечаны тэме ўшанавання Найсвяцейшага Сэрца Езуса. Удзельнікі сустрэчы разважалі аб гэтым кульце ўслед за Папам Францішкам, які прысвяціў сваю чацвёртую энцыкліку чалавечай і боскай любові Сэрца Езуса Хрыста.

Ян Глінскі

Нагадаем, папскі дакумент Dilexit nos (“Палюбіў нас”) быў абнародаваны ў Ватыкане 24 кастрычніка 2024 года.

Як адзначыў у інтэрв’ю Vatican News біскуп дыяцэзіі Каламбус (штат Агаё), гэта адзін з нямногіх кангрэсаў, прысвечаных Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса, “таму мы вельмі рады быць яго арганізатарамі тут”, у Вестэрвіле. Біскуп Эрл Фернандэс нагадаў, што дзякуючы энцыкліцы Папы Францішка Dilexit nos набажэнства да Найсвяцейшага Сэрца Езуса адраджаецца нанова. “Энцыкліка прыгожая яшчэ і таму, што ў яе аснове – багацце Святога Пісання, айцоў Касцёла, а таксама лісты Папаў. Яна набліжае нас таксама да святых, – падкрэсліў іерарх. – Усё гэта вядзе да паглыблення нашай любові да Бога, асабліва да Яго Найсвяцейшага Сэрца”.

Як падкрэсліў біскуп Фернандэс, важна ўсведамляць, што Езус павінен быць у цэнтры жыцця вернікаў, а іх дамы павінны быць месцамі, дзе праяўляецца міласэрнасць, якая сыходзіць з сэрца Езуса. “Дзякуючы гэтаму сем’і будуць дасканаліцца ў міласэрнасці да сваіх братоў і сясцёр, у тым ліку да бедных і патрабуючых”, – дадаў іерарх.

Кангрэс у Вестэрвіле назвала асаблівым часам суарганізатар форуму Эмілі Джамінэт – маці семярых дзяцей і выканаўчы дырэктар сеткі Інтранізацыі Найсвяцейшага Сэрца (Sacred Heart Inthronement Network). Як кіраўнік сеткі, створанай для папулярызацыі і жыцця набажэнствам да Найсвяцейшага Сэрца Езуса, яна з хваляваннем дзялілася ўражаннем пра кангрэс. “Вельмі ўзрушвае, калі бачыш, колькі людзей прыйшло на кангрэс, каб памаліцца, паспавядацца і паразмаўляць. Гэта сапраўды час аднаўлення. Інтранізацыя Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў дамах з’яўляецца рухам аднаўлення сэрцаў. Мы хочам умацаваць веру ў нашых сем’ях. Усё гэта паказвае нам, наколькі мы малыя, але наколькі мы вялікія і магутныя, калі яднаем свае сэрцы з Хрыстом, бо любоў нараджае любоў”, – адзначыла ў інтэрв’ю Vatican News Эмілі Джамінэт.

15 лістапада 2024, 09:47