Сустрэча Канферэнцыі Біскупаў Скандынавіі. 09.09.2022 Сустрэча Канферэнцыі Біскупаў Скандынавіі. 09.09.2022 

Біскупы Скандынавіі: вера як абарона чалавечнасці

Біскупы паўночных краін у пастырскім лісце на Святы 2025 год папярэджваюць: калі вера знікае з грамадскага жыцця, пад пагрозай аказваецца сама чалавечнасць.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Скандынаўскія іерархі заклікаюць вернікаў скарыстацца Юбілейным годам для паглыблення сваёй веры праз вывучэнне Святога Пісання і Катэхізіса Каталіцкага Касцёла.

Біскупы падкрэсліваюць, што евангелізацыя для паўночных краін стала цывілізацыйным крокам наперад дзякуючы прызнанню непарушнай годнасці кожнага чалавека. Вера ў Бога, які стаў чалавекам, глыбока паўплывала на калектыўнае разуменне чалавечай сутнасці.

У лісце адзначаецца, што сучаснае грамадства ўсё часцей разглядае чалавека як прадмет уласнасці і эксплуатацыі. Біскупы звяртаюць увагу на такія праблемы, як гандаль людзьмі, эксплуатацыя цэлых народаў праз пазыкі, камерцыйнае прасоўванне наркотыкаў, азартных гульняў, парнаграфіі і алкаголю. Асаблівую заклапочанасць выклікае паслабленне абароны ненароджаных дзяцей.

Біскупы нагадваюць, што біблейскі юбілей меў на мэце вяртанне кожнаму чалавеку яго першапачатковай годнасці, падкрэсліваючы, што ніхто не можа прэтэндаваць на права валодання іншай асобай. Яны заклікаюць вернікаў выкарыстаць Юбілейны 2025 год як магчымасць умацаваць сваю веру і сведчыць пра яе ў свеце, які ўсё больш і больш губляе хрысціянскія каштоўнасці.
 

03 снежня 2024, 10:19