Кардынал Грасіяс адзначыў 80-годдзе
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Грасіяс нарадзіўся 24 снежня 1944 года ў Мумбаі, дзе атрымаў святарскае пасвячэнне ў 1970 годзе. Атрымаў грунтоўную адукацыю ў галіне кананічнага права ў Папскіх універсітэтах, Урбаніянскім і Грэгарыянскім у Рыме. Пасля вяртання на Радзіму ён унёс значны ўклад у развіццё касцельнага судаводства ў Індыі, дапамагаючы ствараць суды ў многіх дыяцэзіях краіны.
У 1997 годзе Ян Павел II прызначыў яго дапаможным біскупам Мумбая, дзе ён адказваў за душпастырства ў найбяднейшых раёнах горада. У 2000 годзе стаў арцыбіскупам Агры, а ў 2006 годзе вярнуўся ў родны Мумбай як мітрапаліт.
Ён двойчы ўзначальваў епіскапат Індыі (2005-2011 і 2013-2019), а таксама кіраваў Федэрацыяй Біскупскіх Канферэнцый Азіі (2011-2019). У 2006 годзе Бэнэдыкт XVI уключыў яго ў Калегію кардыналаў.
Як духоўны лідар індыйскіх католікаў, кардынал Грасіяс актыўна ўдзельнічаў у міжрэлігійным дыялогу, асабліва з індуізмам. Ён заўсёды выступаў супраць рэлігійнага фундаменталізму і законаў, якія абмяжоўваюць рэлігійную свабоду ў некаторых штатах Індыі.
У 2013 годзе Францішак прызначыў іерарха ў склад Рады кардыналаў, якая дапамагае яму ў кіраванні Касцёлам і рэформе Рымскай курыі. Гэты мандат быў абноўлены ў сакавіку 2023 года.
На сённяшні дзень сярод 253 кардыналаў 139 маюць права ўдзельнічаць у канклаве. З іх 6 прызначаныя Янам Паўлам II, 23 – Бэнэдыктам XVI і 110 – Францішкам. Самым маладым кардыналам з'яўляецца 50-гадовы партугалец Амерыка Мануэль Алвес Агіяр, а найстарэйшым – 98-гадовы італьянец Анджэла Ачэрбі.