Японскі кардынал: місія Касцёла ў Азіі – міжрэлігійны дыялог
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
66-гадовы арцыбіскуп Токіо і старшыня Caritas Internationalis падзяліўся сваім бачаннем місіі Касцёла ў інтэрв'ю каталіцкаму парталу Crux. Ён падкрэсліў, што яго кардынальская намінацыя з'яўляецца заклікам да выканання місіі Касцёла.
"Удзел у міжрэлігійным дыялогу з'яўляецца не кампрамісам з уласнай верай, але спробай супольнай працы дзеля лепшага свету", - падкрэсліў кардынал Кікучы. Паводле яго слоў, воля Божая рэалізуецца праз абарону правоў чалавека і развіццё міру.
Гаворачы пра сваю кардынальскую намінацыю ад Папы Францішка, іерарх назваў яе "вялікім гонарам” для мясцовага Касцёла. "Адмысловая задача Касцёла ў Японіі – быць піянерам у пабудове міру", - адзначыў іерарх.
Кардынал Кікучы быў прыняты ў Калегію кардыналаў 7 снежня разам з 20 іншымі духоўнымі асобамі. З 2022 года ён займае пасаду старшыні Канферэнцыі Біскупаў Японіі, а з 2023 года па рашэнні Папы Францішка ўзначальвае міжнародную дабрачынную арганізацыю Caritas Internationalis.