Пошук

Слуга Божы арцыбіскуп Эдуард Профітліх Слуга Божы арцыбіскуп Эдуард Профітліх 

Замучаны ў савецкай турме езуіт Профітліх прызнаны мучанікам

Францішак ухваліў 18 снежня 2024 года дэкрэты па кананізацыі 16 кармэлітак з Камп’ена, прызнанні мучаніцтва двух святароў, сярод якіх езуіт, замучаны ў савецкай турме, і гераічнасці цнотаў трох Слуг Божых.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Падчас аўдыенцыі з кардыналам Марчэла Сэмерара, прэфектам Дыкастэрыі па справах кананізацыі, Святы Айцец зацвердзіў рашэнне аб пашырэнні на ўвесь Касцёл культу благаслаўлёных Тэрэзы ад святога Аўгустына (свецкае імя Марыя Магдалена Клаўдзія Лідуан) і 15 яе паплечніц з Ордэна босых кармэлітак з Камп’ена.

Яны былі забітыя з нянавісці да веры 17 ліпеня 1794 года ў Парыжы падчас Французскай рэвалюцыі. Іх кананізацыя адбудзецца праз так званую эквіпалентную (раўнацэнную) працэдуру, калі Пантыфік уносіць у каталог святых асоб, якія здаўна шануюцца ў Касцёле.

Францішак таксама зацвердзіў дэкрэты аб мучаніцтве езуіта Эдуарда Профітліха, які памёр у савецкай турме ў Кіраве ў 1942 годзе, і салезіяніна Эліа Каміні, забітага з нянавісці да веры ў 1944 годзе ў Італіі.

Эдуард Профітліх нарадзіўся 11 верасня 1890 года ў нямецкім Бірэсдорфе. Ён быў тытулярным арцыбіскупам Адрыянопаля і апостальскім адміністратарам Эстоніі, дзе служыў Касцёлу ў складаны перыяд савецкай акупацыі. Арцыбіскуп Профітліх быў арыштаваны савецкімі ўладамі і памёр 22 лютага 1942 года ў турме ў Кіраве ад цяжкіх турэмных умоў. Яго смерць прызнана мучаніцтвам за веру, што адкрывае шлях да яго беатыфікацыі.

Акрамя таго, Папам была прызнана гераічнасць цнотаў трох Слуг Божых: біскупа Арона Мартона з Румыніі, рэдэмптарыста Джузэпэ Марыя Леонэ з Італіі і свецкага верніка П'ера Гурса з Францыі, заснавальніка Супольнасці Эмануэль.
 

18 снежня 2024, 12:22