Замучаны ў савецкай турме езуіт Профітліх прызнаны мучанікам
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Падчас аўдыенцыі з кардыналам Марчэла Сэмерара, прэфектам Дыкастэрыі па справах кананізацыі, Святы Айцец зацвердзіў рашэнне аб пашырэнні на ўвесь Касцёл культу благаслаўлёных Тэрэзы ад святога Аўгустына (свецкае імя Марыя Магдалена Клаўдзія Лідуан) і 15 яе паплечніц з Ордэна босых кармэлітак з Камп’ена.
Яны былі забітыя з нянавісці да веры 17 ліпеня 1794 года ў Парыжы падчас Французскай рэвалюцыі. Іх кананізацыя адбудзецца праз так званую эквіпалентную (раўнацэнную) працэдуру, калі Пантыфік уносіць у каталог святых асоб, якія здаўна шануюцца ў Касцёле.
Францішак таксама зацвердзіў дэкрэты аб мучаніцтве езуіта Эдуарда Профітліха, які памёр у савецкай турме ў Кіраве ў 1942 годзе, і салезіяніна Эліа Каміні, забітага з нянавісці да веры ў 1944 годзе ў Італіі.
Эдуард Профітліх нарадзіўся 11 верасня 1890 года ў нямецкім Бірэсдорфе. Ён быў тытулярным арцыбіскупам Адрыянопаля і апостальскім адміністратарам Эстоніі, дзе служыў Касцёлу ў складаны перыяд савецкай акупацыі. Арцыбіскуп Профітліх быў арыштаваны савецкімі ўладамі і памёр 22 лютага 1942 года ў турме ў Кіраве ад цяжкіх турэмных умоў. Яго смерць прызнана мучаніцтвам за веру, што адкрывае шлях да яго беатыфікацыі.
Акрамя таго, Папам была прызнана гераічнасць цнотаў трох Слуг Божых: біскупа Арона Мартона з Румыніі, рэдэмптарыста Джузэпэ Марыя Леонэ з Італіі і свецкага верніка П'ера Гурса з Францыі, заснавальніка Супольнасці Эмануэль.