Святы Ігнацый Лаёла Святы Ігнацый Лаёла  

Юбілей-2025: Рым шляхамі святога Ігнацыя Лаёлы

У Рыме падрыхтавалі праграму пілігрымкі па месцах святога Ігнацыя Лаёлы да Юбілейнага 2025-га года. Ініцыятыва прапануе не толькі знаёмства з гісторыяй і мастацтвам, але і глыбокае духоўнае падарожжа праз ігнацыянскую малітву і медытацыю.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Інаўгурацыяй праекта Святы Ігнацый Лаёла – пілігрым надзеі стала пілігрымка да месцаў, дзе падчас Юбілею 1550 года заснавальнік Таварыства Езуса разам з трыма паплечнікамі служылі паломнікам у шпіталі, які пазней стаў псіхіятрычнай лякарняй Маці Божай Міласэрнасці.

"Мы хочам, каб юбілейнае падарожжа з настаўнікам духоўнага распазнавання было не толькі знаёмствам з горадам і яго гісторыяй, але і ўнутраным падарожжам з ігнацыянскай малітвай і медытацыяй", - падкрэсліваюць арганізатары.

Адным з ключавых месцаў падарожжа з'яўляецца капліца ў Ла Сторце, дзе святы Ігнацый перажыў містычны досвед. У сваёй "Аўтабіяграфіі" ён піша: "Калі ён быў у пэўным касцёле за некалькі міль ад Рыма і маліўся, адчуў такую змену ў душы і ўбачыў з такой яснасцю, што Бог Айцец далучыўся да свайго Сына Езуса Хрыста, што ніколі не адважыўся б сумнявацца ў гэтым".

Праект падрыхтаваны Itinerarai Ignaziani і Ігнацыянскім цэнтрам духоўнасці Таварыства Езуса ў Рыме пад патранатам ватыканскіх Дыкастэрый па евангелізацыі і па культуры і адукацыі. Праграма ўключае наведванне ватыканскай базілікі, куды святы Ігнацый часта хадзіў да магілы святога Пятра, а таксама базілікі святога Паўла па-за мурамі, дзе заснавальнікі езуітаў склалі ўрачыстыя абяцанні.

Кожная сустрэча ўключае гістарычна-мастацкі агляд, спасылкі на крыніцы пра падарожжы і побыт Ігнацыя, значэнне пэўнага месца ў яго жыцці, а таксама час для малітвы і ігнацыянскай медытацыі ў цішыні. Арганізатары прапануюць магчымасць распрацоўкі спецыяльных маршрутаў для канкрэтных груп.
 

02 снежня 2024, 10:42