Тыдзень у Беларусі Тыдзень у Беларусі 

Тыдзень у Беларусі – важнае

Юбілей парафіі, фармацыя маладых святароў, сустрэча валанцёраў – агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

У Вішневе адзначылі 600-годдзе парафіі з удзелам арцыбіскупа Юзафа Станеўскага. 30 лістапада 2024 года Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі ўзначаліў цэлебрацыю ўрачыстай Імшы ў мясцовай парафіі Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі. Першы касцёл быў заснаваны ў Вішневе ў 1424 годзе вялікім князем Вітаўтам. Таксама парафія знакамітая тым, што ў ёй з 1953 года рэгулярна адбываюцца набажэнствы на беларускай мове. Менавіта тут доўгія гады нёс служэнне легендарны святар, вялікі падзвіжнік ксёндз Уладзіслаў Чарняўскі. У святкаванні юбілею парафіі таксама ўзялі ўдзел святары салезіяне, госці з розных мясцін.

Фармацыйная сустрэча маладых святароў прайшла ў Гродне. 2 снежня 2024 года ў парафіі Святога Духа цэнтральнай часткай сустрэчы стала святая Імша, якую цэлебраваў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй. Таксама ў межах сустрэчы з канферэнцыяй аб спецыфіцы катэхізацыі дарослых выступіў вікарый парафіі ксёндз Валерый Спірыдон. Святар адзначыў важнасць катэхізацыі дарослых, дадаўшы, што для іх гэта магчымасць паглыблення веры і духоўнага развіцця.

Сустрэча валанцёраў парафіяльных Caritas Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі прайшла з удзелам біскупа Юрыя Касабуцкага. 30 лістапада 2024 года, напярэдадні Сусветнага дня валанцёра, у дабрачынным сацыяльна-рэабілітацыйным цэнтры ў Ляскоўцы сустрэча пачалася з Эўхарыстыі, якую цэлебраваў Генеральны вікарый архідыяцэзіі. Мэтай мерапрыемства стала падвядзенне вынікаў працы і атрыманне натхнення на новыя ідэі ў новым літургічным годзе. У сустрэчы ўзялі ўдзел каля 60 валанцёраў з дзесяці парафій.

Адпустовую ўрачыстасць адзначылі з удзелам біскупаў у гродзенскай катэдры. 3 снежня 2024 года ў катэдральным касцёле святкавалі ўрачыстасць у гонар яго галоўнага апекуна – святога Францішка Ксаверыя. Галоўную Імшу цэлебраваў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй разам з біскупам эмерытам Аляксандрам Кашкевічам – у інтэнцыі парафіі, просячы Бога, каб супольнасць брала прыклад з апосталаў і ішла дарогай святасці.

Рэкалекцыі для мужчын правёў біскуп Аляксандр Яшэўскі ў Оршы. З 29 лістапада па 1 снежня 2024 года дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі чытаў канферэнцыі падчас духоўных практыкаванняў на тэму Быць сведкам евангельскага радыкалізму. У іх прынялі ўдзел мужчыны з Мінска, Гродна, Браслава, Ваўкавыска, Ліды, Паставаў, Барысава і Оршы. Іерарх нагадаў, што прыклад уласнага жыцця прамаўляе лепш, чым казанні – дабрыня, любоў, радасць і прабачэнне прыцягваюць нашмат мацней, таму недастаткова абвяшчаць Божую навуку толькі словам, але таксама жыць ёй і пацвярджаць сваімі ўчынкамі.

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholicnews.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.

07 снежня 2024, 09:06