Тыдзень у Беларусі – важнае
Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News
У Пінскай дыяцэзіі – дзве новыя святыні. 7 снежня 2024 года ў Мікашэвічах цэлебрацыю святой Імшы з абрадам пасвячэння касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ўзначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка. Гістарычны касцёл мясцовая парафія страціла ў савецкі час, але цяпер атрымала іншы будынак замест ранейшага касцёла і адрамантавала яго. Тым часам будоўлю новай святыні завяршылі ў Брэсце. Пасвячэнне касцёла Найсвяцейшага Сэрца Езуса адбудзецца 28 снежня.
20-годдзе мінскай парафіі Святога Духа адзначылі пры ўдзеле арцыбіскупа Юзафа Станеўскага. 8 снежня 2024 года ўрачыстасць распачалася благаслаўленнем фігуры Маці Божай Ружанцовай, усталяванай на прыкасцёльным цвінтары як знак падзякі вернікаў за пабудову святыні. Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі ўзначаліў цэлебрацыю святой Імшы ў інтэнцыі ўсіх вернікаў і гасцей парафіі, заснаванне якой благаславіў у 2004 годзе тагачасны Мітрапаліт, кардынал Казімір Свёнтэк.
У гродзенскай семінарыі адзначылі 35-годдзе біскупскай сакры Тадэвуша Кандрусевіча. 8 снежня 2024 года арцыбіскуп эмерыт узначаліў святую Імшу ў капліцы семінарыі. Заслужаны іерарх узгадаў гісторыю стварэння навучальнай установы, якую ён заснаваў, і заахвоціў семінарыстаў браць прыклад з Беззаганна Зачатай Марыі і на кожны Божы заклік разам з Ёй адказваць сваім fiat – згодай з Божай воляй.
У Крычаве парафіяльную ўрачыстасць з удзелам біскупа адзначылі ў святыні, якая перажывае капрамонт. 7 снежня ў мясцовай парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі цэлебрацыю ўзначаліў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі. Адметнасцю парафіяльнага свята стала тое, што Імша адбывалася ў капліцы, дзе праходзіць капітальны рамонт. Падчас урачыстасці выказалі падзяку ахвярадаўцам і ўсім тым, хто ўзяў удзел у акцыі Дар сэрца для Касцёла на Магілёўшчыне – дзякуючы ініцыятыве, крычаўскія католікі могуць працягваць рамонт святыні.
Часопіс Ave Maria адзначае 30-годдзе. Старшыня епіскапату арцыбіскуп Юзаф Станеўскі скіраваў віншаванне з гэтай нагоды і ўзгадаў, што па благаслаўленні Папы Яна Паўла ІІ напрыканцы 1994 года выйшаў першы нумар выдання. Мітрапаліт падкрэсліў, што "з самага пачатку на старонках часопіса асвятляліся не толькі асноўныя падзеі адраджэння Касцёла ў Беларусі, але вялася вельмі важная справа: евангелізацыя і катэхізацыя на роднай мове", а "сёння часопіс з’яўляецца прыгожай і змястоўнай візітоўкай каталіцкай прэсы ў Беларусі".
Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholicnews.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.