Зала Паўла VI Зала Паўла VI  (ANSA)

Юбілей 2025: Зала Паўла VI – месца веры, мастацтва і культуры

У кантэксце надыходзячага Юбілейнага 2025 года і падзей, звязаных з яго святкаваннем, асаблівае месца займае Зала Паўла VI – прастора для папскіх аўдыенцый і разнастайных культурных падзей.

Ян Глінскі

Адмыслова да Юбілейнага года ксёндз прафесар Вальдэмар Турк выдаў сваю кнігу Рым. Месца вечнай надзеі. Святы год 2025. У ёй польскі аўтар апісвае гісторыю паўстання залы для аўдыенцый, прыводзіць цікавыя факты і жывыя дыялогі італьянскага архітэктара П’ера Луіджы Нэрві з галоўным заказчыкам – Папам Паўлам VI.

Зала Паўла VI – гэта прастора для генеральных аўдыенцый і сустрэч Папы з пілігрымамі з усяго свету. Зала з’яўляецца непасрэдным сведкам шматлікіх сустрэч Папаў з мноствам пілігрымаў. За некалькі дзясяткаў гадоў існавання залы Павел VI, Ян Павел I, Ян Павел II, Бэнэдыкт XVI і Папа Францішак прынялі ў гэтым аб’екце каля 12 мільёнаў вернікаў. Больш за палову з іх – 7 мільёнаў 726 тысяч пілігрымаў – сустрэліся са святым Янам Паўлам ІІ.

Інаўгурацыя дзейнасці залы адбылася 30 чэрвеня 1971 года, будаўніцтва ж распачалося на пяць гадоў раней. У вялізным комплексе акрамя галоўнай залы, прызначанай пераважна для аўдыенцый па серадах, ёсць таксама малая зала для спецыяльных сустрэч.

У зале Паўла VI яркай і незабыўнай з’яўляецца праца італьянскага мастака Перыкле Фацыні – скульптура Хрыста, інсталяваная ў задняй частцы подыума. Збаўца – пераможца ў барацьбе са смерцю – выходзіць з размытай масы хаосу і матэрыі, звяртаючыся да сабраных у зале з жэстам благаслаўлення і ў той жа час скіроўваючы вочы да неба.

Сам мастак тлумачыў, што хацеў паказаць Хрыста, які ўваскрос з памерлых не з магілы, куды яго паклалі, а з Аліўнага саду, дзе ён паміраў у вялікіх пакутах, выкліканых грахамі чалавецтва. Хрыстус трыумфуе над масай вырваных з коранем дрэў і кустоў, благаслаўляе і нясе свету надзею на новае жыццё.

Варта дадаць, што вітражы ў зале павінен быў выканаць Марк Шагал, авангардыст з беларускімі каранямі, якога Папа Павел VI прыняў на аўдыенцыі 3 сакавіка 1967 года і прапанаваў яму гэтую адмысловую працу. У Шагала ўжо былі падрыхтаваныя эскізы на тэму міру і экуменізму, але ў іх рэалізацыі былі пэўныя складанасці, таму выкананне вітражоў было даручана венгерскаму мастаку Яну Хайналу.

Цікавым з’яўляецца той факт, што менавіна Ян Павел ІІ, яшчэ ў пачатку свайго Пантыфікату – вырашыў назваць залу імем Паўла VI, падкрэсліваючы яго ўнёсак у культуру і мастацтва. Зала Паўла VI – гэта не проста будынак, гэта прастора, дзе вера, культура і мастацтва пераплятаюцца ў дыялогу з мільёнамі людзей з усяго свету.
 

20 снежня 2024, 14:16