Абвешчаны конкурс на гімн СДМ-2027
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Арганізацыйны камітэт СДМ-2027 у Сеуле падкрэслівае асаблівую ролю гімна ў фарміраванні духоўнай еднасці маладых удзельнікаў сусветнага форуму. Музычны твор павінен не проста стаць фонам падзеі, але дапамагчы маладым людзям адчуць сапраўдную еднасць і прыналежнасць да сусветнай супольнасці.
Гімн – гэта не проста музыка, гэта сродак перадачы сапраўднага духу падзеі
"Нават пасля заканчэння СДМ гімн дазваляе на працягу многіх гадоў захоўваць гэтыя выключныя перажыванні", - адзначаюць арганізатары, падкрэсліваючы важнасць стварэння музычнага твора, які стане сімвалам сусветнай сустрэчы моладзі.
Конкурсныя працы павінны быць цалкам арыгінальнымі і натхнёнымі тэмай сустрэчы, узятай з Евангелля паводле Яна: Адвагі! Я перамог свет (Ян 16, 33). Канчатковае зацвярджэнне пераможнага твора будзе ажыццяўляць ватыканская Дыкастэрыя па справах свецкіх, сям'і і жыцця.
Музычны твор, які аб'яднае сэрцы маладых людзей ва ўсім свеце
"Наша мэта – знайсці музычны твор, які не толькі адлюструе тэму сустрэчы, але і дапаможа глыбей зразумець яе сэнс", - тлумачаць арганізатары конкурсу, запрашаючы музыкантаў і кампазітараў з усяго свету да ўдзелу ў творчым спаборніцтве.
Прыём конкурсных прац, якія павінны ўключаць як арыгінальны тэкст, так і музыку, будзе адкрыты з 1 ліпеня па 31 жніўня 2025 года. Кожны ўдзельнік мае права прадставіць да трох розных кампазіцый. Падрабязныя правілы конкурсу размешчаны на афіцыйным сайце СДМ-2027: wydseoul.org.