Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Пантыфік: сужэнства – гэта бязмоўнае і штодзённае казанне

Бачыць прыгажосць сужэнства, нягледзячы на цяжкасці, якія ўзнікаюць у сямейным жыцці, заклікаў Папа падчас ранішняй Эўхарыстыі, якую 25 мая 2018 г. цэлебраваў у капліцы сваёй ватыканскай рэзідэнцыі.

У гаміліі Францішак спаслаўся на літургічнае евангельскае чытанне (Мк 10,1-12), дзе фарысеі, выпрабоўваючы Хрыста, спыталіся ў Яго: ці дазволена мужу разводзіцца з жонкаю? Каментуючы гэты ўрывак, Папа звярнуў увагу на казуістычнае мысленне фарысеяў, якія зводзілі ўсё духоўнае жыццё выключна да пытання аб тым, што дазволена, а што забаронена.

Пытанне фарысеяў тычылася сужэнства, але Езус сягае глыбей, да першапачатковай задумы Бога, Які на пачатку стварыў мужчыну і жанчыну і паклікаў іх да быцця адным целам, якое немагчыма раздзяліць. “Мы не павінны спыняцца, як гэтыя настаўнікі закону, на пытанні аб тым, ці “дазволена, ці не дазволена” разрываць сужэнства, заўважыў Пантыфік.

Папа прызнаў, што часам здараюцца няшчасці, якія прыводзяць да сітуацый, калі людзям лепш разысціся, каб пазбегнуць драматычных наступстваў. Пры гэтым, ён заклікаў паглядзяць на тое, што з’яўляецца добрым.

“[Гэта праўда, што існуюць цяжкасці, існуюць праблемы з дзецьмі або ўнутры самой сужэнскай пары, спрэчкі, сваркі... але важна, каб цела трывала ў еднасці і перамагала, перамагала, перамагала цяжкасці]”

- падкрэсліў Святы Айцец.

Францішак перакананы, што сакрамэнт сужэнства служыць не толькі для мужчыны і жанчыны, але і для ўсяго Касцёла. Ён нібыта прыцягвае ўвагу і сцвярджае: “Паглядзіце! Любоў – магчымая!”, заўважыў Пантыфік.

“[Любоў здольная зрабіць так, каб людзі жылі ў каханні на працягу ўсяго жыцця: у радасці і болі, з праблемамі дзяцей і сваімі праблемамі... але заўсёды ідучы наперад. У здароўі і хваробе, але заўсёды наперад. У гэтым прыгажосць!]”

- сказаў Папа.

Святы Айцец нагадаў, што мужчына і жанчына былі створаны на вобраз і падабенства Бога. Такім чынам, само сужэнства становіцца вобразам Бога. “Сужэнства з’яўляецца бязмоўным казаннем, скіраваным да ўсіх іншых людзей, штодзённым казаннем”, - падкрэсліў Папа.

Францішак з жалем заўважыў, што многія СМІ не заўважаюць прыгожай, вернай любові, якая трывае на працягу многіх гадоў, і прысвячаюць больш увагі скандалам і разводам.

Папа адзначыў, што сужэнскае і сямейнае жыццё не з’яўляюцца лёгкімі, таму тут неабходная цярплівасць. Гэта, “магчыма, самая важная цнота для пары – як для мужчыны, так і для жанчыны”.

Францішак завяршыў сваю гамілію малітвай аб тым, каб у грамадстве і Касцёле ўмацоўвалася ўсведамленне прыгажосці сужэнства, а таксама таго факту, што яно з’яўляецца “вобразам і падабенствам Бога”.
 

Папа: бачыць прыгажосць сужэнства, нягледзячы на цяжкасці
Навіна ў фармаце аўдыё
25 мая 2018, 14:15
Увесь кантэнт >