Папа: надзея – гэта не абстракцыя, а чаканне сустрэчы з Хрыстом
У сваёй гаміліі Францішак спаслаўся на літургічныя чытанні з Евангелля св. Лукі і Паслання да Эфесцаў (Лк 12, 35-38; Эф 2, 12-22), якія распавядаюць пра чаканне прышэсця Пана.
Пантыфік звярнуў увагу на два паняцці, заключаныя ў гэтых тэкстах: “грамадзянства” і “спадчына”. Аб першым кажа св. Павел, які называе хрысціян “суграмадзянамі святых”. Хрысціянская тоеснасць – гэта аздараўленне, якое паходзіць ад Езуса Хрыста, адчуванне сябе супольнасцю і атрыманне Духа Святога, заўважыў Папа.
Ён адзначыў, што спадчына з’яўляецца тым, што шукаем у нашай жыццёвай пілігрымцы, і тым, што мы атрымліваем у канцы жыцця. Гэты пошук павінен адбывацца штодня, і гэты шлях вядзе нас да надзеі – не нечага абстрактнага, а рэальнай сустрэчы з Хрыстом. Францішак прывёў прыклад жанчыны, якая з нецярпеннем чакае нараджэння дзіця, праходзячы ўсе этапы цяжарнасці.
Святы Айцец падкрэсліў, што слова “тоеснасць” звязана з прыналежнасцю да супольнасці, а “спадчына” з’яўляецца сілай, з якой Дух Святы вядзе нас наперад з надзеяй. Ён рэкамендаваў вернікам задаць пытанне пра ўспрыманне Нябёсаў – гэта для іх штосьці абстрактнае, ці рэальная сустрэча з Панам?