Пошук

Папа падчас ранішняй св. Імшы ў капліцы Дому св. Марты Папа падчас ранішняй св. Імшы ў капліцы Дому св. Марты  (Vatican Media)

Пантыфік: сучасны свет баіцца ласкавасці

Адкрыцца на суцяшэнне Бога, якое заўсёды спалучана з ласкавасцю, заклікаў Францішак падчас ранішняй Эўхарыстыі, якую 11 снежня 2018 г. цэлебраваў у капліцы ватыканскага Дому св. Марты.

Адкрыцца на суцяшэнне Бога, якое заўсёды спалучана з ласкавасцю, заклікаў Францішак падчас ранішняй Эўхарыстыі, якую 11 снежня 2018 г. цэлебраваў у капліцы ватыканскага Дому св. Марты.

У гаміліі Пантыфік спаслаўся на словы чытання з Кнігі прарока Ісаі: “Суцешце, суцешце народ Мой! – кажа ваш Бог”, бо “адплочаныя беззаконні ягоныя”. Паводле Святога Айца, тут гаворка ідзе пра “збаўчае суцяшэнне”, якое дае Добрая Навіна аб тым, што мы ўсе былі збаўлены.

Хрыстус пасля ўваскрасення і аж да самага ўнебаўшэсця таксама суцяшаў вучняў. Але мы “супраціўляемся суцяшэнню”, нібыта “адчуваем сябе больш упэўнена ў неспакойным моры праблем”, звярнуў увагу Францішак. Ён адзначыў прысутнасць у жыцці многіх людзей “духоўнага песімізму”, страху перад ласкавасцю Божага суцяшэння.

Папа прызнаўся, што падчас агульных аўдыенцый, калі бярэ на рукі дзяцей, каб благаславіць іх, яны часта пачынаюць плакаць, бо, гледзячы на яго белую вопратку, думаюць, што ён урач, які можа зрабіць балючы ўкол. Такі ж страх людзі нярэдка маюць перад Богам, хоць Ён суцяшае з ласкавасцю.

Ласкавасць – гэта слова, якога не ведаюць “прарокі няшчасця”, яно непрымальнае ў клерыкалізаваных асяродках, сярод “цёплых” хрысціян. Гэта “слова, якое сучасны свет фактычна выкрасліў са свайго лексікона”, заўважыў Пантыфік.

Папа параўнаў Божае суцяшэнне з суцяшэннем маці, якая супакойвае дзіця, што плача. Неабходна шукаць гэтага суцяшэння ў кожнай сітуацыі, асабліва зараз, у перыяд падрыхтоўкі да Божага Нараджэння, лічыць ён.

Францішак заўважыў, што суцяшэння ў Богу шукалі хрысціянскія мучанікі першых стагоддзяў, якія ішлі на смерць спяваючы, таксама робяць і сучасныя мучанікі. Тут Пантыфік узгадаў егіпецкіх хрысціян-коптаў, забітых ісламскімі тэрарыстамі на ўзбярэжжы Лівіі, якія паміралі з імем Езуса на вуснах.

“Суцяшэнне павінна быць звычайным станам хрысціяніна”, - падкрэсліў Святы Айцец. Бог “стукае, каб мы адкрылі сэрца і дазволілі Яму суцешыць нас і прынесці нам супакой. Ён робіць гэта з ласкавасцю: стукае пяшчотна”, - звярнуў увагу Францішак.

Навіна ў фармаце аўдыё
11 снежня 2018, 13:14
Увесь кантэнт >