Пантыфік: умець марыць – як св. Юзаф
Каментуючы евангельскі ўрывак (Мц 1,18-24), у якім гаворка ідзе пра св. Юзафа, як нашчадка Давіда, Францішак падкрэсліў, што на старонках Евангелля Апякун Езуса, гэта “справядлівы чалавек, які жыў паводле запаведзей, быў працавітым, пакорным, закаханым у Марыю”.
Спачатку, перад абліччам незразумелага, св. Юзаф хацеў сысці, але калі Бог адкрыў яго місію, прыняў усё і ў маўчанні спадарожнічаў Божаму Сыну. Ён рабіў гэта, як робяць многія бацькі: з уменнем чакаць, не асуджаючы, не павышаючы голасу. Фундаментальна важна – умець чакаць. Чакаць у маўчанні, як робіць Бог адносна сваіх дзяцей, да якіх мае вялікую цярплівасць, сказаў Пантыфік.
Францішак зазначыў, што св. Юзаф быў чалавекам канкрэтным, але з адкрытым сэрцам, здольным марыць, але не летуценнікам. Важна наследаваць яго прыклад: не губляць здольнасці марыць, з даверам ставіцца да будучыні, нягледзячы на цяжкасці, заахвоціў Святы Айцец.
Падчас св. Імшы Папа асаблівым чынам маліўся за хворых славацкіх дзяцей, аўтараў упрыгожанняў для ялінкі, якая стаіць у капліцы ватыканскага Дома св. Марты.