Пантыфік: аздараўляць сэрцы з дапамогай пакоры і лагоднасці
У гаміліі Францішак спаслаўся на ўрывак з Евангелля св. Марка (6,7-13), у якім Езус заклікае вучняў аздараўляць людзей. На думку Папы, аздараўленне пачынаецца з пакаяння і адкрыцця сэрца на Божае слова. “Калі сэрца закрытае – яно не можа вылечыцца. Калі нехта хворы і з упартасці не хоча ісці да ўрача, ён не вылечыцца”, - звярнуў увагу ён. Святы Айцец перакананы, што знешні бляск хрысціяніна, які робіць шмат добрага, але мае закрытае сэрца, знікне пры першым “дажджы”.
Пантыфік заўважыў, што аўтарытэт сярод людзей можна зарабіць, калі “не браць у дарогу нічога, апрача толькі кія: ні хлеба, ні торбы, ні медзі ў поясе”. Іншымі словамі – праз беднасць, бо “пастыру не патрэбна малако авечак, яму не патрэбна воўна авечак”.
Паводле Святога Айца, калі апостал “задзірае нос”, калі думае, што лепшы за іншых, калі шукае ўласнай выгады або першых месцаў у Касцёле, ён “ніколі не аздаровіць нікога, не здолее адкрыць сэрца нікому”, бо яго словы не будуць мець сілы.
“Вучань атрымае аўтарытэт, калі будзе ісці за Хрыстом. А якім з’яўляецца шлях Езуса? – Беднасць. Бог стаў чалавекам! Прынізіўся! Пазбавіўся ўсяго! Беднасць вядзе да лагоднасці і пакоры. Езус – пакорны; Ён крочыць па вуліцах, каб аздараўляць. Таксама і апостал, практыкуючы беднасць, пакору і лагоднасць, будзе мець аўтарытэт, каб казаць: “Пакайцеся”, каб адкрываць сэрцы”, - сказаў Папа.
Паводле Францішка, выкрываць і асуджаць грахі трэба прыкладам уласнага жыцця. Калі чалавек робіць гэта выключна на словах, тут гаворка ідзе не пра аўтарытэт, а пра аўтарытарызм.
Святы Айцец заклікаў усіх хрысціян, не толькі святароў ці біскупаў, з пакорай аздараўляць іншых праз добрае слова, цярплівасць, своечасовыя парады, ласкавы позірк. “Усе мы патрабуем аздараўлення, бо ўсе маем духоўныя хваробы. Але таксама ўсё мы маем магчымасць аздараўляць іншых”, - звярнуў увагу Папа.