Францішак: не займацца з Богам гандлем
У сваім разважанні Святы Айцец спаслаўся на сённяшняе чытанне з Евангелля св. Мацвея (10, 7-13), якое кажа пра місію хрысціян. Фрагмент пачынаецца са слоў: “Ідзіце і абвяшчайце, кажучы: “Наблізілася Валадарства Нябеснае”. Хворых аздараўляйце, мёртвых уваскрашайце, пракажоных ачышчайце, злых духаў выганяйце”.
“Хрысціянскае жыццё існуе для служэння. Вельмі сумна, калі мы знаходзім хрысціян, якія спачатку, пасля свайго навяртання, або ўсведамлення, што значыць быць хрысціянінам, служаць, адкрытыя для служэння, служаць народу Божаму, а потым прыходзяць да яго выкарыстання. Гэта прыносіць шмат зла народу Божаму. Пакліканнем з’яўляецца служэнне, а не выкарыстанне іншых”, - сказаў Папа.
Святы Айцец падкрэсліў, што самым важным у сённяшнім евангельскім урыўку з’яўляюцца словы Езуса: “Задарма атрымалі, задарма давайце”. Бо збаўленне не купляецца, Бог дае яго нам бязвыплатна. Усё, што Ён хоча, – каб нашае сэрца адкрылася. Францішак заявіў, што “няма ніякіх адносін з Богам, акрамя бескарыслівасці”. Ён дадаў, што калі мы часам ідзём на ахвяры, каб атрымаць нейкую ласку – мы не робім гэтага, каб “заплаціць” за ласку, але каб “пашырыць” наша сэрца. Бог, са свайго боку, дае ласку дармова, і не трэба займаецца з Ім гандлем”.
Папа падкрэсліў, што словы: “Задарма атрымалі, задарма давайце”, скіраваны ў першую чаргу да пастыраў, каб яны не спрабавалі рабіць бізнес на ласцы Божай.
“У нашым духоўным жыцці мы заўсёды знаходзімся ў небяспецы трапіць у спакусу меркантыльнага падыходу, нават размаўляючы з Богам, як быццам бы мы хацелі даць Богу хабар. Не! Так не можна, не такім чынам: “Пане, калі ты зробіш гэта для мяне, я дам табе тое ці іншае”. Не! Я раблю гэта абяцанне, але для таго, каб маё сэрца пашырылася настолькі, каб атрымаць тое, што там знаходзіцца, бязвыплатна дадзенае нам”, - заўважыў Францішак. На яго думку, бескарыслівыя адносіны з Богам дапамогуць чалавеку будаваць такія ж адносіны з іншымі людзьмі.
“Хрысціянскае жыццё – гэта падарожжа. Вучыце, служыце, а не выкарыстоўвайце іншых. Служыце і давайце тое, што вы атрымалі дармова. Няхай наша жыццё ў святасці служыць узрастанню сэрца, каб Божая бескарыслівасць і ласка, якія Ён хоча даць, маглі дасягнуць нашага сэрца. Няхай будзе так”, - завяршыў сваю гамілію Святы Айцец.