Папа падчас св. Імшы ў капліцы сваёй рэзідэнцыі Папа падчас св. Імшы ў капліцы сваёй рэзідэнцыі  (Vatican Media)

Францішак: не ўзгадоўваць “лічынку” зайздрасці і рэўнасці

Зайздрасць і нянавісць вядуць да асуджэння іншых, канкурэнцыі і той балбатні з самім сабой, што забівае бліжняга. Аб гэтым Папа казаў падчас ранішняй св. Імшы 24 студзеня 2020 г. у Ватыкане.

У гаміліі Пантыфік спаслаўся на літургічнае чытанне Першай кнігі Самуэля (24, 3-21), у якім апавядаецца пра жаданне Саўла забіць Давіда, прычынай чаго была зайздрасць. Так здараецца і ў нашым жыцці: зайздроснікі заўсёды жадаюць забіць бліжняга, у тым ліку і праз пляткаранне.

Паводле Францішка, гэта дэструктыўная дынаміка пачынаецца з “балбатні з самім сабой”, інтэрпрэтацыі сітуацыі ў ключы зайздрасці. На самой справе зайздросны чалавек “няздольны бачыць рэальнасць” такой, якой яна ёсць на самой справе. Менавіта так адбылося ў выпадку Саўла, які лічыў Давіда сваім ворагам, хоць для гэтага не меў ніякіх падстаў.

Святы Айцец заўважыў, што “зайздрасць і рэўнасць не маюць змесціва”. Дзякуючы Божай ласцы, Саўл здолеў заўважыць гэта, убачыць рэчаіснасць і беспадстаўнасць свайго кепскага стаўлення да Давіда, таму яго зайздрасць “лопнула, як мыльны пузыр”.

Папа заклікаў вернікаў уважліва сачыць за сабой, калі пачынаюць адчуваць антыпатыю да іншага чалавека. Трэба “бараніць сэрца ад гэтай хваробы, ад гэтага балбатання з самім сабой, якое вядзе да надзімання такога мыльнага пузыра, які не мае нічога ў сабе, але нясе вялікую шкоду”.

“Будзем пільнымі, бо гэта лічынка, якая ўваходзіць у сэрца кожнага з нас і прыводзіць да кепскага меркавання пра людзей, за якім стаіць канкурэнцыя: ён мае штосьці, а я не маю. Яна вядзе да варожасці паміж людзьмі, вядзе да вайны: вайны ў хатнім асяроддзі, вайны з суседзямі, вайны на працоўным месцы. Ля вытокаў усяго гэтага знаходзіцца зерне вайны, якім ёсць нянавісць і зайздрасць”, - папярэдзіў Францішак.

Папа раіў вернікам, у выпадку антыпатыі да бліжняга, задаць сабе пытанне: “Чаму я адчуваю гэта?” і заблакіраваць “балбатанне” з самім сабой, якое прымушае кепска думаць пра іншых.

“Будзем прасіць Пана аб ласцы празрыстага сэрца, такога, як у Давіда. Будзем прасіць аб ласцы празрыстага сэрца, якое шукае толькі справядлівасці, шукае міру, будзем прасіць аб дружалюбным сэрцы, якое не мае жадання забіваць, бо зайздрасць і нянавісць забіваюць”, - закончыў сваю гамілію Святы Айцец.

Навіна ў фармаце аўдыё
24 студзеня 2020, 14:52
Увесь кантэнт >