Францішак пра розніцу паміж грэшнікамі і разбэшчанымі
У гаміліі Францішак спаслаўся на сённяшнія чытанні, узятыя з Кнігі прарока Даніэля (13,1-9. 15-17. 19-30. 33-62) і Евангелля св. Яна (8, 1-11), якія распавядаюць пра дзвюх жанчын: Зузану, фальшыва абвінавачаную двума старэйшынамі, і асобу, якую злавілі на чужаложстве.
Папа звярнуў увагу на тое, што ў першай справе абвінаваўцы былі разбэшчанымі суддзямі, а ў другой – крывадушнікамі. Бог сведчыць справядлівасць Зузане, вызваляючы яе ад распуснікаў, і даруе пралюбадзейцы, вызваляючы яе ад кніжнікаў і фарысеяў. Святы Айцец заклікаў дзякаваць Богу за Яго справядлівасць і міласэрнасць: калі ведаем, што мы грэшныя, можам з упэўненасцю прасіць у Пана прабачэння.
Францішак звярнуў увагу, што словы сённяшняга Псальма (23 (22), 1-3а. 3b-4. 5. 6) выдатна выражаюць досвед абедзвюх жанчын, асуджаных на смерць: Пан – мой пастыр, ні ў чым не буду мець нястачы... Калі нават пайду далінай смяротнага ценю, не буду баяцца зла, бо Ты са мною”.
Папа адзначыў, што абедзве жанчыны былі ў роспачы, апынуліся ў тупіку. Зузана давярала Богу, а грэшніца ведала, што яна вінаватая, і, хоць Евангелле пра гэта не кажа, безумоўна, малілася, просячы Бога аб дапамозе. І Бог ратуе нявінную і даруе грэшніцы, асуджае распусных суддзяў і дапамагае крывадушнікам у навяртанні: калі Езус запытаўся ў іх: “Хто з вас без граху?”, “выйшлі адзін за адным, пачынаючы са старэйшых”.
“Ён пакідае ім нейкі час для навяртання. Не даруе разбэшчаным толькі таму, што яны не ў стане прасіць прабачэння... Карупцыя адабрала ў іх здольнасць, якая прысутнічае ва ўсіх: сорам, які схіляе прасіць аб прабачэнні. Не, разбэшчаны ўпэўнены ў сабе, ідзе наперад, знішчае, выкарыстоўвае людзей, такіх, як гэтая жанчына, усё... і працягвае ісці далей. Ён паставіў сябе на месца Бога”, - падзяліўся думкамі Святы Айцец.
“У кожнага з нас ёсць свая гісторыя. Кожны з нас мае свае грахі. Калі пра іх не памятаеш, падумай, і ты іх знойдзеш. Дзякуй Богу, калі іх знойдзеш, бо калі не, значыць, ты разбэшчаны. Усе маюць свае грахі. Давайце паглядзім на Пана, справядлівага, але вельмі міласэрнага. Не сорамна быць у Касцёле; сорамна быць грэшнікам. Касцёл – Маці кожнага. Давайце дзякаваць Богу, што мы не разбэшчаныя, што мы грэшныя. І няхай кожны з нас, гледзячы на тое, як Езус рэагуе ў гэтых выпадках, давярае Божай міласэрнасці. І моліцца аб прабачэнні, давяраючы Божай міласэрнасці”, - сказаў Папа, завяршаючы гамілію.