Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота  (ANSA)

Святы Айцец: крызісы – час для пакаяння і вернасці Богу

Заставацца вернымі Богу ў часы выпрабаванняў, - заклікаў Францішак падчас ранішняй св. Імшы, якую 2 мая 2020 г. цэлебраваў у капліцы сваёй ватыканскай рэзідэнцыі.

У гаміліі Папа спаслаўся на літургічнае чытанне з Кнігі Дзеяў Апосталаў (9,31-42), у якім гаворыцца пра ўмацаванне першай хрысціянскай супольнасці. Ён заўважыў, што Касцёл развіваўся ў спакойныя часы, але яны былі не заўсёды. Наступалі таксама крызісныя перыяды, звязаныя з пераследам, і тады многія адыходзілі ад Хрыста.

Езус, ведаючы пра нараканні вучняў, казаў, што ніхто не можа прыйсці да Яго, “калі гэта не будзе дадзена яму Айцом”, прыгадаў Пантыфік словы з літургічнага чытання з Евангелля св. Яна (6,60-69).

“Крызісныя перыяды – гэта час для таго, каб зрабіць выбар, гэта моманты, якія ставяць нас перад патрэбай прыняцця рашэння. Усе мы ў жыцці мелі крызісныя часы: у сям’і, сужэнстве, грамадстве, на працы… Таксама і гэта пандэмія з’яўляецца крызісным перыядам”

, - падкрэсліў ён.

Перад абліччам крызісу Хрыстус спытаўся ў Дванаццаці пра тое, ці яны таксама хочуць адысці, на што Пётр адказаў: “Пане, да каго мы пойдзем? Ты маеш словы жыцця вечнага. А мы паверылі і спазналі, што Ты ёсць Святы Бога”. Пётр, хоць не ўсё разумеў з таго, што казаў Езус, але вызнаў, што Ён – Божы Сын і даверыўся Яму, - зазначыў Францішак.

Паводле Святога Айца, гэта дапамагае перажываць крызісныя часы. Падчас выпрабаванняў трэба быць моцнымі і трывалымі ў веры: гэта не час для перамен, але для пакаяння і вернасці Богу. Мы, хрысціяне, павінны навучыцца кіраваць як перыядамі спакою, так і крызіснымі часамі, падчас якіх нібыта праходзім праз агонь і становімся мацнейшымі.

“Няхай Пан спашле нам Святога Духа, каб былі здольнымі супрацьстаяць спакусам у крызісныя часы, каб былі здольнымі заставацца вернымі, каб мелі надзею на спакойнае жыццё ў будучыні…, - закончыў гамілію Францішак.
 

02 мая 2020, 10:39
Увесь кантэнт >