Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Францішак заклікаў рабіць мастацтва даступным для ўсіх

Святы Айцец падтрымаў супрацоўніцтва дзеля рэалізацыі праектаў, якія нясуць прыгажосць у свет і робяць мастацтва даступным для людзей розных сацыяльных катэгорый.

Аб важнасці падобнага ўзаемадзеяння ён казаў членам дэлегацыі тэлевізійнай кампаніі “Sky” і ватыканскага Сакратарыяту па камунікацыі, з якімі сустрэўся 30 мая 2018 г. у Доме св. Марты. Нагодай стала перадача яму ў дар копіі шэдэўра Караваджа “Пакліканне св. Мацвея”, выкананай мастакамі з рэгіёну Умбрыя.

Гаворка ідзе пра адзін з самых любімых мастацкіх твораў Папы. Яго арыгінал захоўваецца ў рымскім касцёле Сан-Луіджы-дэі-Франчэзі, куды Францішак часта прыходзіў памаліцца падчас сваіх візітаў у Рым яшчэ да абрання на Пасад св. Пятра.

Папа атрымаў у дар копію шэдэўра Караваджа

Пра гісторыю стварэння гэтага абраза распавядаецца ў фільме “Караваджа. Душа і кроў” (Caravaggio. L’Anima e il Sangue), які быў створаны ў выніку супрацоўніцтва паміж кампаніямі “Sky”, “Magnitudo Film” і Сакратарыятам па камунікацыі, прычым у стужцы выкарыстоўваецца інтэрпрытацыя, якую даў гэтаму шэдэўру Францішак.

Фільм, прысвечаны Караваджа, стаў адной з самых рэйтынгавых дакументальных стужак аб мастацтве ў Італіі. За першыя пяць дзён пракату ў кінатэатрах яго паглядзелі каля 170 тыс. гледачоў. Стваральнікі маюць намер паказваць яго таксама ў турмах, каб несці зняволеным пасланне прыгажосці і надзеі.

Супрацоўніцтва паміж кампаніяй “Sky” і Апостальскай Сталіцай пачалося ў 2013 г. За гэтым перыяд, акрамя фільма пра Караваджа, імі былі зняты таксама дакументальныя стужкі, прысвечаныя Ватыканскім музеям, Папскім базылікам у Рыме, постаці Рафаэля Санці. У кастрычніку адбудзецца прэм’ера фільма аб Мікеланджэла Буанароці.

Навіна ў фармаце аўдыё
31 мая 2018, 12:40