Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папа: заданне Касцёла – змена не ўрадаў, а мыслення палітыкаў

Постаць св. Яна ХХІІІ, місійнае пакліканне хрысціян і роля Касцёла ў спрыянні міру, былі тэмамі інтэрв’ю, якое Францішак даў журналістам італьянскага выдання “L’Eco di Bergamo”.

Хрысціянства – “гэта не ідэал, да якога трэба імкнуцца, не філасофія, якой трэба прытрымлівацца, не этыка, якой трэба кіравацца”, але “сустрэча з Езусам Хрыстом, Які дазваляе распазнаць сваю прысутнасць у целе братоў і сясцёр”, падкрэсліў Францішак.

Інтэрв’ю было прымеркаванае да пачатку перэгрынацыі рэліквій св. Яна XXIII па яго роднай дыяцэзіі Бергама. Раніцай 24 мая 2018 г. шкляны саркафаг з целам Пантыфіка пакінуў базыліку св. Пятра. Ён будзе знаходзіцца на поўначы Італіі да 10 чэрвеня.

Паводле Францішка, Ян ХХІІІ быў чалавекам, “які не ведаў слова “вораг”, які заўсёды “шукаў таго, што аб’ядноўвае”, усведамляючы, што “Касцёл пакліканы служыць усім людзям, а не толькі католікам; бараніць, у першую чаргу і ўсюды, правы кожнага чалавека, а не толькі Каталіцкага Касцёла”.

Перэгрынацыю Папа назваў сапраўдным дарам для вернікаў дыяцэзіі Бергама, асабліва для тых, якія ніколі не мелі магчымасці быць у Ватыкане, а таксама для пажылых асоб, бедных і хворых. Менавіта да гэтых людзей заўсёды быў блізкі Ян ХХІІІ, падкрэсліў Францішак.

Пачатак перэгрынацыі рэліквій св. Яна ХХІІІ

Святы Айцец заўважыў, што, згодна са сваёй місійнай прыродай, Касцёл павінен выходзіць насустрач людзям, каб сведчыць аб прывабнасці Евангелля. Гэта дазваляе яму “не захварэць самадастатковасцю”. Таксама гаворка не можа ісці пра распаўсюджванне “рэлігійнай ідэалогіі” ці “высокай этыкі”, прапанаванне “халоднай ісціны”.

Місія па евангелізацыі рэалізуецца праз сведчанне, заўважыў Папа. У такім выпадку сам Езус працягвае евангелізаваць, “становячыся нашым сучаснікам”. Усе хрысціяне пакліканы выходзіць насустрач людзям, дасягаючы перыферыі, з іх беднасцю, пакутамі, неадукаванасцю і грахом.

Спасылаючыся на 55-годдзе энцыклікі Яна ХХІІІ “Pacem in terris” (Мір на зямлі) Францішак падкрэсліў, што яе актуальнасць толькі ўзрасла: сёння вядзецца больш войнаў, чым у эпоху, калі пісаўся гэты дакумент. Сёння выкарыстоўваецца не толькі зброя, але і розныя “механізмы прыгнёту”, эксплуатацыя людзей і навакольнага асяроддзя.

У кантэксце гэтых выклікаў, на думку Святога Айца, “сапраўдным заданнем Касцёла з’яўляецца не змена ўрадаў, але ўвядзенне логікі Евангелля ў думкі і ўчынкі кіраўнікоў дзяржаў”. Мір – гэта не толькі адсутнасць вайны, але “інтэгральнае развіццё людзей і народаў”, а справядлівасць і салідарнасць павінны быць не толькі на словах, але і ў канкрэтных дзеяннях.

Гаворачы пра перамены, Францішак пакладае вялікую надзею на моладзь. У ёй маюць патрэбу як грамадства, так і Касцёл, падкрэсліў ён. Папа звярнуў асаблівую ўвагу на праблему беспрацоўя сярод маладых людзей, якую назваў “сацыяльным грахом” грамадства, а таксама на важнасць пашырэння адукацыі, неабходнай для клопату аб навакольным асяроддзі і перамогі над тэрарызмам.

Навіна ў фармаце аўдыё
24 мая 2018, 12:45