Святы Айцец да моладзі: прысутнасць, камунія, місія
Глядзець на некага зверху дазволена толькі тады, калі ў мяне ёсць намер схіліцца да яго і дапамагчы ўстаць, адзначыў ён у абнародаваным 26 мая 2018 г. відэа.
“Ты ўмееш супакоіць сваё сэрца, каб пачуць голас Езуса? Гэта не лёгка. Але паспрабуй”, - заахвоціў Святы Айцец юнакоў і дзяўчат, падкрэсліваючы: “Ён з табой, нават калі ў нейкія моманты ты адчуваеш сябе, як вучні з Эмаўс перад сустрэчай з Уваскрослым Езусам: сумным, расчараваным, прыгнечаным, без спадзяванняў на перамены”.
Папа адзначыў, што Езус з’яўляецца Міласэрным Самаранінам, Які набліжаецца для дапамогі, для “абнаўлення гісторыі”. “Гэта шлях любові і міласэрнасці: Езус сустракае нас, ацаляе і пасылае вылечваць іншых”, - падкрэсліў Святы Айцец, яшчэ раз нагадваючы, што для таго, каб ісці па гэтым шляху, трэба “асабістых сустрэч з Езусам”.
Пераходзячы да другога аспекту, якім з’яўляецца камунія, Папа заўважыў што “сёй-той лічыў, што самастойна або дзякуючы ўласным праектам пабудуе гісторыю”. Аднак, яе “твораць народы, а не ідэолагі”. “І калі хочаш будаваць, як хрысціянін ты павінен рабіць гэта ў рамках Божага народа, у Касцёле”, - падкрэсліў ён.
Разважаючы над трэцім паняццем, якім з’яўляецца місія, Францішак у чарговы раз падкрэсліў, што мы пакліканы быць “Касцёлам, які выходзіць вонкі”, Касцёлам місійным, а не замкнёным у сваіх зручных схемах.
Святы Айцец заклікаў, моладзь, якую часта называюць будучыняй чалавецтва, памятаць, што “нічога не пачынаецца цяпер”, а таму неабходна “вяртацца да каранёў і будаваць сваю будучыню з каранёў”. Гэта значыць “не зракацца сваёй радзімы, гісторыі ўласнай сям’і, сваіх дзядоў і бабуль”.