Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Апублікавана праграма падарожжа Папы ў Ірландыю

11 чэрвеня 2018 г. была апублікавана праграма Апостальскага падарожжа Францішка ў Ірландыю з нагоды Сусветнай сустрэчы сям’яў, якая пройдзе 25-26 жніўня ў Дубліне.

З рымскага аэрапорта “Фьюмічына” ў напрамку Дубліна Святы Айцец адправіцца на самалёце раніцай 25 жніўня. Пералёт зойме каля дзвюх гадзін. Па прыбыцці Папа накіруецца ў рэзідэнцыю прэзідэнта Ірландыі, дзе сустрэнецца з кіраўніком дзяржавы. Затым, у Дублінскім замку, ён звернецца з прамовай да прадстаўнікоў палітычных уладаў, грамадзянскай супольнасці і дыпламатычнага корпуса.

У другой палове дня Францішак наведае дублінскі пракатэдральны касцёл Найсвяцейшай Марыі, пры якім знаходзіцца рэзідэнцыя мясцовага арцыбіскупа. Потым ён здзейсніць прыватны візіт у прытулак для бяздомных сем’яў, якім апякуюцца законнікі з Ордэна Меншых Братоў Капуцынаў. Кульмінацыяй першага дня прабывання Папы ў Дубліне стане яго ўдзел у Свяце сям’яў, якое пройдзе вечарам на тэрыторыі сталічнага стадыёна “Крок Парк”.

Раніцай 26 жніўня Пантыфік на самалёце адправіцца ў невялічкае мястэчка Нок, у паўночнай частцы краіны, дзе знаходзіцца знакаміты санктуарый, звязаны з аб’яўленнямі Панны Марыі. Перад мясцовай святыняй ён памоліцца з вернікамі “Анёл Панскі”.

Святы Айцец вернецца ў Дублін каля апоўдня. Пасля абеду і кароткага адпачынку ён будзе цэлебраваць св. Імшу на тэрыторыі сталічнага “Фенікс-Парку”, а затым, у будынку жаночага дамініканскага кляштару, правядзе сустрэчу з ірландскімі біскупамі. Вечарам Францішак накіруецца ў Дублінскі міжнародны аэрапорт, адкуль выляціць самалётам у Рым.

Навіна ў фармаце аўдыё

 

11 чэрвеня 2018, 14:48