Францішак падчас візіту у Экуменічны цэнтр Сусветнай Рады Цэркваў Францішак падчас візіту у Экуменічны цэнтр Сусветнай Рады Цэркваў 

Святы Айцец: не баяцца страчваць, наследуючы Езуса

Шлях да еднасці хрысціян – гэта акт паслухмянасці Пану і любові да свету, адзначыў Папа падчас экуменічнай малітвы ў Цэнтры Сусветнай Рады Цэркваў, якая прайшла 21 чэрвеня 2018 г. у Жэневе.

У прамове ён нагадаў заклік “паступаць паводле Духа“ (пар. Гал 5,16.25), які апостал Павел скіраваў да галатаў, калі паміж імі адбываліся спрэчкі і ўнутраныя канфлікты.

Папа падкрэсліў, што чалавек – гэта істота, якая заўсёды знаходзіцца ў дарозе. “Шлях – гэта метафара, якая адкрывае сэнс чалавечага жыцця – жыцця, якому не дастаткова самога сябе, але якое заўсёды шукае нечага яшчэ. Сэрца кліча нас ісці, дасягаць мэты”, - сказаў ён.

Францішак заўважыў, што дарога заўсёды звязана з высілкамі. Яна вымагае дысцыпліны, цярплівасці, пастаяннай трэніроўкі і адмаўлення ад іншых шляхоў, каб выбраць адзін, які вядзе да мэты, а таксама ажыўлення памяці, каб не згубіць яе. На шляху патрэбна пакора і клопат пра спадарожнікаў, “бо толькі разам ідзецца добра”. Нарэшце, дарога патрабуе пастаяннага навяртання.

“Таму многія адмаўляюцца ад яе, аддаючы перавагу хатняму спакою, дзе можна з камфортам вырашаць уласныя справы, не падвяргаючы сябе рызыкам падарожжа. Але такім чынам мы прывязваемся да эфемерных гарантый, якія не даюць таго спакою і радасці, якіх прагне сэрца і якія можна знайсці, толькі выходзячы па-за сябе“, - сказаў ён.

Папа падкрэсліў, што Бог ад самага пачатку кліча чалавека ў дарогу, аб чым сведчыць уся біблійная гісторыя. Найлепшы прыклад гэтаму выйсцю дае Езус, які прынізіў сябе і сышоў да людзей, а вярнуўшыся да Айца, спаслаў дар свайго Духа, “каб і мы мелі сілы крочыць у Яго кірунку, спаўняць тое, аб чым просіць Павел: паступаць паводле Духа”.

Пантыфік заўважыў, што хрысціяне пакліканы “паступаць паводле Духа”, а не “спаўняючы жаданні цела” (пар. Гал 5,16), што значыць спрабуючы рэалізавацца праз валоданне і эгаістычную логіку, будучы абыякавымі да іншых людзей і рабамі няспыннага спажывецтва.

“[Тады голас Бога заглушаецца; тады іншыя, асабліва калі яны няздольныя крочыць уласнымі нагамі, як дзеці ці пажылыя, становяцца надакучлівымі адкідамі; тады стварэнне больш не мае іншага сэнсу, акрамя як задавальнення вытворчасці, падпарадкаванай патрэбам]”

- сказаў ён.

Францішак падкрэсліў, што “паступаць паводле Духа” значыць адмаўляцца ад духа гэтага свету. Гаворка ідзе пра тое, каб выбраць логіку служэння і расці ў прабачэнні, кіравацца “любоўю, радасцю, спакоем, доўгацярплівасцю, лагоднасцю, дабрынёй, вернасцю, далікатнасцю, стрыманасцю”.

Папа перакананы, што хрысціяне пакліканы крочыць шляхам пастаяннага навяртання, “дзеля абнаўлення нашага мыслення, каб адпавядала мысленню Святога Духа”. “На працягу гісторыі падзелы паміж хрысціянамі часта адбываліся, бо ў корань, у жыццё супольнасцяў пранікала мысленне гэтага свету: спачатку задавольваліся ўласныя інтарэсы, а потым інтарэсы Езуса Хрыста”, - сказаў ён.

Пантыфік заўважыў, што ў такой сітуацыі д’ябал мог з лёгкасцю ствараць падзелы паміж хрысціянамі, “бо напрамак, у якім яны крочылі, быў напрамкам цела, а не Духа”. У той жа час, экуменічны рух, якому значна паспрыяла Сусветная Рада Цэркваў, узнік менавіта дзякуючы ласцы Святога Духа.

“Але, можна запярэчыць, крочыць такім чынам – гэта значыць працаваць сабе ў страту, бо не бароняцца належным чынам інтарэсы ўласных супольнасцяў, часта моцна злучаныя з этнічнай прыналежнасцю ці кірункамі, якія ўстаяліся, незалежна ад таго, ці яны пераважна “кансерватыўныя”, ці “прагрэсіўныя”, - сказаў ён.

“[Сапраўды, вырашыць быць Езуса, перш чым Апалоса ці Кефаса, Хрыста, перш чым “юдэямі і грэкамі”, Пана, перш чым правымі ці левымі, выбіраць у імя Евангелля брата, а не самога сябе, у вачах свету часта азначае працаваць сабе ў страту]”

- дадаў Папа.

“Экуменізм – “гэта вялікае стратнае прадпрыемства”. Але гаворка ідзе пра “евангельскае страчванне”, згодна з шляхам, які ўказаў Езус: “Хто хоча жыццё сваё ўратаваць, загубіць яго. А хто загубіць жыццё сваё дзеля Мяне, той уратуе яго” (Лк 9,24), - падкрэсліў Святы Айцец.

Францішак папярэдзіў аб падступнай спакусе пошуку толькі ўласных інтарэсаў на шляху. Такая пазіцыя не з’яўляецца пазіцыяй апостала, але Юды, які крочыў побач з Езусам дзеля ўласнай карысці. Важна ачышчаць сэрца ад зла, выбіраючы шлях Евангелля і адмаўляючы лёгкія шляхі, якія ўласцівы гэтаму свету.

“[Адметнасці не з’яўляюцца апраўданнем – магчыма ўжо зараз крочыць паводле Духа: маліцца, евангелізаваць, служыць разам. Гэта магчыма і гэта падабаецца Богу! Крочыць разам, маліцца разам, працаваць разам – гэта наш галоўны шлях]”

- падкрэсліў Папа.

Ён адзначыў, што мэтай гэтага шляху з’яўляецца еднасць. Адваротная дарога вядзе да падзелаў, войнаў і разбурэнняў. “Пан просіць нас аб еднасці; свет, разадраны шматлікімі падзеламі, ад якіх пакутуюць, у першую чаргу, самыя слабыя, моліць аб еднасці”, - сказаў ён.

Напрыканцы прамовы Францішак заўважыў, што прыбыў у Жэневу менавіта ў якасці пілігрыма еднасці і міру. Ён зазначыў, што шлях да еднасці хрысціян – гэта не стратэгія для набыцця большай вагі, але акт паслухмянасці Пану і любові да свету.

Пасля прамовы адбылася супольная малітва аб еднасці хрысціян, пасля чаго Францішак накіраваўся ў Экуменічны інстытут у Босэ.

Навіна ў фармаце аўдыё
21 чэрвеня 2018, 12:09