Папа падчас прэс-канферэнцыі на борце самалёта Папа падчас прэс-канферэнцыі на борце самалёта 

Францішак пра інтэркамунію, мігрантаў і праблему міра

Інтэркамунія, міграцыя і праблема міру былі галоўнымі тэмамі прэс-канферэнцыі, якую Папа правёў на борце самалёта, вяртаючыся з Жэневы ў Рым.

Нямецкі журналіст задаў Святому Айцу пытанне адносна прыняцця св. Камуніі сужонкамі-некатолікамі ў змешаных сужэнствах, што шырока абмяркоўваецца ў Касцёле ў Германіі.

“Гэта не штосьці новае, бо Кодэкс кананічнага права ўжо прадугледжвае тое, аб чым казалі нямецкія біскупы: св. Камунію ў асаблівых выпадках. Яны разглядалі праблему змешаных сужэнстваў: ці магчыма гэта, ці не. Але Кодэкс кажа, што вырашаць гэта пытанне павінен біскуп партыкулярнага Касцёла – гэта слова важнае: партыкулярнага, што значыць, дыяцэзіяльнага. Гэта пытанне знаходзіцца ў яго руках. Гэта ёсць у Кодэксе”, - заўважыў Папа.

Паводле яго слоў, вывучэнне пытання ў епіскапаце Германіі праводзілася на працягу больш чым аднаго года, але праект выніковага дакумента гэтага аналізу атрымаўся недастаткова грунтоўным і ўтрымліваў шэраг невырашаных пытанняў.

“У ім не гаварылася: дазволіць св. Камунію ўсім! Не! Гэта была добра прадуманая справа, у касцёльным духу. Але яны хацелі зрабіць яе для мясцовага Касцёла, а не для партыкулярнага (...) Але Кодэкс кананічнага права не прадугледжвае гэтага. Чаму? Бо, калі штосьці прымаецца Канферэнцыяй Біскупаў, адразу становіцца паўсюдным. І гэта стала цяжкасцю ў дыскусіі: не столькі змест, але менавіта гэта”, - патлумачыў Францішак.

Пасля абмеркавання пытання арцыбіскуп Луіс Ладарыя Фэрэр, прэфект Кангрэгацыі Веравучэння, з дазволу Папы скіраваў нямецкім біскупам ліст, у якім гаворыцца, што для выдання дакумента праблему трэба вывучыць глыбей.

“Я думаю, што гэта будзе “арыентуючы” дакумент, каб кожны дыяцэзіяльны біскуп мог рэгуляваць тое, што ўжо дазваляе кананічнага права. Працэс не быў спынены, не. Гэта было скіраванне праблемы, каб вырашалася добрым шляхам. Калі я наведваў лютэранскую царкву ў Рыме, мне задавалася падобнае пытанне і я адказаў згодна з духам Кодэкса кананічнага права, з тым духам, якога нямецкія біскупы шукаюць зараз. Магчыма не было добрага інфармавання ў адпаведны момант, ёсць крыху непаразумення, але справы выглядаюць так. У партыкулярным Касцёле Кодэкс гэта дазваляе. У мясцовым Касцёле – не, бо так гэта стане паўсюдным”, - сказаў Францішак.

Яшчэ адно пытанне, на якое адказаў Святы Айцец, тычылася актуальнай міграцыйнай праблемы. Францішак падкрэсліў, што да людзей, якія ўцякаюць ад голаду і войнаў, трэба адносіцца паводле крытэрыяў, якія абагульняюцца чатырма словамі: “прымаць, суправаджаць, падтрымліваць, інтэграваць”. У той жа час вырашэнне праблемы павінна здзяйсняцца з разважлівасцю, каб кожная краіна прымала столькі людзей, колькім яна зможа забяспечыць годнае жыццё.

На думку Папы, дзяржавы павінны прыйсці да згоды, у першую чаргу, для таго, каб у кароткі час вырашаць неадкладныя крытычныя сітуацыі, а таксама планаваць ініцыятывы ў сярэднетэрміновай перспектыве, каб вырашаць праблему ў корані. Ён падкрэсліў, што важна інвеставаць у адукацыю і стварэнне працоўных месцаў у краінах, якія перажываюць цяжкасці, каб пакласці канец “кантрабандзе мігрантаў”.

Францішак перакананы, што складаней вырашыць праблему вайны ці пераследу хрысціян, але праблему голаду пераадолець магчыма, калі міжнародная супольнасць будзе канкрэтна дзейнічаць у гэтым напрамку. Святы Айцец таксама выказаў падзяку краінам, якія прымаюць мігрантаў, як на Блізкім Усходзе, так і ў Еўропе.

Гаворачы аб войнах у свеце, Папа заўважыў, што праблемы нельга вырашаць у духу Каіна, але з дапамогай перамоў, дыялогу і пасярэднікаў. Ён працытаваў вядомыя словы пра тое, што калі зброяй трэцяй сусветнай вайны будзе ядзерная, то чацвёртая сусветная вайна будзе весціся дубінамі, бо ўсё навокал будзе знішчана.

Навіна ў фармаце аўдыё
22 чэрвеня 2018, 13:07