Францішак падчас малітвы ў базыліцы Санта-Марыя-Маджорэ Францішак падчас малітвы ў базыліцы Санта-Марыя-Маджорэ 

Пантыфік даручыў візіт у Жэневу апецы Маці Божай

Францішак наведаў рымскую базыліку Санта-Марыя-Маджорэ, дзе даручыў сваё падарожжа ў Жэневу апецы Найсвяцейшай Панны Марыі.

Фотаздымак Пантыфіка, які моліцца перад абразом Маці Божай Апякункі рымскага народа, размясціў у сацыяльнай сетцы “Twitter” кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы Грэг Бёрк.

Візіт Папы ў старажытную рымскую базыліку насіў прыватны характар. Ён прайшоў у вігілію яго экуменічнага падарожжа ў Жэневу, у другой палове дня 20 чэрвеня 2018 г.

Францішак моліцца перад абразом Маці Божай Апякункі рымскага народа перад кожным сваім Апостальскім падарожжам, пачынаючы з самага першага, якое здзейсніў у ліпені 2013 г. у Рыа-дэ-Жанейра з нагоды Сусветных дзён моладзі.

Аднадзённая пілігрымка ў Жэневу стане яго 23-м падарожжам за межы Італіі. Яна будзе прымеркавана да 70-годдзя Сусветнай Рады Цэркваў, буйнейшай экуменічнай арганізацыі, у склад якой уваходзіць каля 400 хрысціянскіх Цэркваў і супольнасцяў з больш чым 100 краін.
 

21 чэрвеня 2018, 09:52