Францішак: хворыя маюць асаблівае месца ў сэрцы Бога
Перад агульнай аўдыенцыяй, якая прайшла 27 чэрвеня 2018 г. на плошчы св. Пятра, Пантыфік сустрэўся з хворымі асобамі, якія па прычыне спякотнага надвор’я сабраліся ў ватыканскай Зале Паўла VI.
Звяртаючыся да прысутных, Святы Айцец падкрэсліў, што Пан мае ў сваім сэрцы асаблівае месца для кожнага чалавека, які пакутуе ад любой формы няпоўнаспраўнасці.
Сярод прысутных на сустрэчы былі прадстаўнікі Міжнароднай Спецыяльнай Алімпіяды – арганізацыі, якая займаецца правядзеннем спартыўных мерапрыемстваў для дзяцей і дарослых з парушэннямі інтэлекту. Іх пілігрымка ў Ватыкан была прамеркавана да 50-годдзя гэтага аб’яднання.
Вітаючы сваіх гасцей, Святы Айцец пажадаў, каб Алімпійскі агонь, які яны прывезлі з сабой, служыў “сімвалам радасці і надзеі ў Пану, які спасылае сваім дзецям дары адзінства і міру”, і ўдзяліў сваё благаслаўленне ўсім тым, хто падтрымлівае высакародную дзейнасць арганізацыі.
Францішак ужо сустракаўся з дэлегацыяй Спецыяльнай Алімпіяды на аўдыенцыі ў 2017 г., напярэдадні Сусветных зімовых Спецыяльных Алімпійскіх гульняў, якія прайшлі ў Аўстрыі.