Папа падчас малітвы "Анёл Панскі" Папа падчас малітвы "Анёл Панскі" 

Францішак: праз Цела і Кроў Хрыста прымаем Яго любоў

Калі прымаем Цела і Кроў Хрыста, атрымліваем Яго любоў, каб дзяліцца ёй з іншымі, адзначыў Папа падчас сустрэчы з вернікамі на малітве “Анёл Панскі”, якая 3 чэрвеня 2018 г. прайшла ў Ватыкане.

“Сёння ў многіх краінах, сярод якіх Італія, святкуецца ўрачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста, або, згодна з больш вядомым лацінскім выразам, урачыстасць “Corpus Domini” , - заўважыў Папа. - Евангелле пераказвае нам словы Езуса, прамоўленыя падчас Апошняй вячэры з Яго вучнямі: “Бярыце, гэта Цела Маё (...) Гэта Кроў Мая новага запавету, якая за многіх праліваецца” (Мк 14,22.24). Менавіта ў сілу гэтага запавету любові хрысціянская супольнасць збіраецца кожную нядзелю і кожны дзень вакол Эўхарыстыі – сакрамэнта адкупленчай ахвяры Хрыста. І прывабленыя Яго рэальнай прысутнасцю хрысціяне складаюць Яму пашану і сузіраюць Яго праз сціплы знак хлеба, які стаў Яго Целам.

Кожны раз, калі цэлебруем Эўхарыстыю, праз гэты сакрамэнт, такі просты і адначасова ўрачысты, мы перажываем Новы Запавет, які напоўніцу спаўняе камунію паміж Богам і намі. І як удзельнікі гэтага Запавету, хоць з’яўляемся малымі і беднымі, супрацоўнічаем у будаванні гісторыі паводле Божай задумы. Таму кожная эўхарыстычная цэлебрацыя, прадстаўляючы сабой акт публічнага ўшанавання Бога, адносіцца да жыцця і канкрэтных падзей нашага існавання. Сілкуючыся Целам і Крывёю Хрыста, мы становімся падобнымі да Яго, атрымліваем у сябе Ягоную любоў, але не для таго, каб яе раўніва захоўваць для сябе, а каб дзяліцца ёй з іншымі. Гэта логіка ўпісана ў Эўхарыстыю. Атрымліваем Яго любоў і дзелімся ёй з іншымі. Гэта логіка Эўхарыстыі! У ёй мы сузіраем Езуса – паламаны і ахвяраваны хлеб, кроў, пралітую за наша збаўленне. Гэта прысутнась, якая як полымя спальвае ў нас эгаістычныя паводзіны, ачышчае нас ад схільнасці даваць толькі тады, калі мы самі атрымалі, і распальвае жаданне таксама станавіцца, у еднасці з Езусам, паламаным хлебам і крывёю, пралітай за братоў.

Папа: логіка дзялення любоўю ўпісана ў Эўхарыстыю

Такім чынам, свята Божага Цела – гэта таямніца прываблення Хрыстом і перамянення ў Яго. Гэта школа канкрэтнай любові, цярплівай і ахвяраванай, як Езуса на крыжы. Гэта свята вучыць нас станавіцца гасціннымі і адкрытымі на тых, хто шукае разумення, дапамогі, падтрымкі, хто быў адкінуты на ўзбочыну ці застаўся ў адзіноце. Прысутнасць жывога Езуса ў Эўхарыстыі як брама, адчыненая брама паміж святыняй і вуліцай, паміж верай і гісторыяй, паміж горадам Божым і горадам чалавека.

Выразам народнай эўхарыстычнай пабожнасці з’яўляюцца працэсіі з Найсвяцейшым Сакрамэнтам, якія ў сённяшнюю ўрачыстасць адбываюцца ў многіх гарадах і краінах. Таксама і я сёння вечарам, у Остыі – як зрабіў 50 гадоў таму бл. Павел VI – буду цэлебраваць св. Імшу, пасля якой адбудзецца працэсія з Найсвяцейшым Сакрамэнтам. Запрашаю ўсіх прыняць у ёй удзел, таксама духоўна, праз радыё і тэлебачанне. Няхай Панна Марыі суправаджае нас сёння”.

Пасля марыйнай малітвы Францішак прывітаў прысутныя на плошчы св. Пятра групы вернікаў і ўдзяліў сабраным сваё благаслаўленне.

Навіна ў фармаце аўдыё

 

03 чэрвеня 2018, 12:44