2018.06.28 Concistoro CPF 2018.06.28 Concistoro CPF 

Францішак да новых кардыналаў: служыць Хрысту ў бедных

28 чэрвеня 2018 г. у базыліцы св. Пятра Папа ўзначаліў Звычайны публічны кансісторый, падчас якога Калегія кардыналаў папоўнілася чатырнаццаццю новымі членамі.

Звяртаючыся да прысутных, Святы Айцец падкрэсліў, што самай вялікай узнагародай і годнасцю, якую можна атрымаць, з’яўляецца магчымасць служыць Езусу Хрысту ў бедных і пакутуючых. Толькі так, паводле яго слоў, служэнне пастыраў набывае евангельскі водар.

У гаміліі Папа спаслаўся на Евангелле паводле св. Марка (10,32-45). Яго аўтар “не баіцца адкрыць пэўныя таямніцы сэрцаў вучняў: шуканне першых месцаў, рэўнасць, зайздрасць, інтрыгі, урэгуліраванні і дамовы; логіку, якая не толькі спустошвае і псуе адносіны паміж імі, але таксама закрывае іх і скіроўвае ў бок непатрэбных і бессэнсоўных дыскусій”, заўважыў Пантыфік.

Ведаючы пра ўсё гэта, Езус кажа сваім вучням: “Але не так няхай будзе сярод вас: хто хоча быць большым сярод вас, няхай будзе вам слугою”. Такім чынам, Пан імкнецца змяніць напрамак позіркаў і сэрцаў сваіх вучняў, не дазваляючы, каб бясплодныя і самадастатковыя дыскусіі мелі месца ва ўлонні хрысціянскай супольнасці.

“Якая карысць, калі здабудзем увесь свет, але сапсуемся ў душы? Якая карысць, калі здабудзем увесь свет, але ўсе будзем жыць ва ўдушлівых інтрыгах, якія робяць чэрствымі і бясплоднымі сэрца і місію. У гэтай сітуацыі – як нехта заўважыў – можна было б ужо прадбачыць палацавыя інтрыгі таксама ў касцёльных курыях”, - сказаў Папа.

Паводле Францішка, Езус заклікае сваіх вучняў, каб не дазволілі логіцы гэтага свету зняволіць сябе і адвесці позірк ад таго, што насамрэч важнае. Пан жадае абараніць хрысціянскую супольнасць ад самалюбавання, каб скіравала свой позірк, рэсурсы, чаканні і сэрцы на тое, што сапраўды вартае: на місію, падкрэсліў ён.

На думку Папы, Езус вучыць нас, што навяртанне, перамена сэрца і рэформа Касцёла не з’яўляюцца самамэтай, але заўсёды павінны разглядацца ў місійным ключы, што трэба перастаць глядзець і клапаціцца пра ўласную выгаду, але пра выгаду Нябеснага Айца.

“Калі забываем пра місію, калі губляем з вачэй канкрэтнае аблічча братоў, наша жыццё закрываецца ў пошуку ўласнай выгады і ўласнай бяспекі. І так пачынаюць узрастаць крыўда, смутак, незадаволенасць. Паступова становіцца менш месца для іншых людзей, касцёльнай супольнасці, для бедных, для таго, каб слухаць голас Пана. Так губляецца радасць і сэрца становіцца чэрствым”, - сказаў Францішак.

Папа звярнуў увагу таксама на тое, што Хрыстус заклікае вучняў быць слугамі для іншых людзей. Такім чынам, Езус нагадвае, што ўлада ў Касцёле ўзрастае дзякуючы здольнасці бараніць годнасць іншага, намашчаць іншага, лячыць яго раны і яго надзею, якая вельмі часта паранена. “Адзіная пераканаўчая ўлада – тая, якая нараджаецца са схілення да ног іншых, каб служыць Езусу”, - сказаў ён.

“Гэта самая вялікая ўзнагарода, якую можам атрымаць, самая вялікая годнасць, якая нам можа быць дадзена: служыць Хрысту ў верным людзе Божым, у галодным, у тым, пра каго забылі, у вязні, у хворым, у нарказалежным, у пакінутым, у канкрэтных асобах, з іх гісторыямі і надзеямі, чаканнямі і расчараваннямі, пакутамі і ранамі. Толькі так улада пастыра будзе мець водар Евангелля і не будзе як “медзь звонкая або гулкія цымбалы”, - сказаў Папа.

“[Ніхто з вас не павінен лічыць сябе “вышэйшым” за іншага. Ніхто з вас не павінен глядзець на іншых зверху ўніз. Мы можам так глядзець на чалавека, толькі калі дапамагаем яму падняцца]”

- дадаў ён.

Напрыканцы гаміліі Францішак зачытаў новым кардыналам урывак з духоўнага запавету св. Яна ХХІІІ, у якім гэты Папа дзякаваў Богу за жыццё ў беднасці, а таксама за тое, што захаваў яго ад пошуку пасадаў, грошай, прыхільнасці, як для сябе, так і для сваіх сваякоў і сяброў.

Падчас кансісторыя кардынальскую годнасць атрымалі архіепіскап Луіс Рафаэль Сако, Патрыярх Вавілонскі Халдэйскай Каталіцкай Царквы; арцыбіскуп Луіс Франсіска Ладарыя Фэрэр, прэфект Кангрэгацыі Веравучэння; арцыбіскуп Анджэла Дэ Данаціс, Папскі вікарый для Рымскай дыяцэзіі; арцыбіскуп Анджэла Бэчу, субстытут па агульных пытаннях Дзяржаўнага сакратарыяту і спецыяльны дэлегат пры Суверэнным Вайсковым Мальтыйскім Ордэне; арцыбіскуп Конрад Краеўскі, Апостальскі элемазінарый; арцыбіскуп Джозэф Кутц, пастыр дыяцэзіі Карачы ў Пакістане; біскуп Антоніў Аўгусту душ Сантуш Марту, пастыр дыяцэзіі Лэйрыя-Фаціма ў Партугаліі; арцыбіскуп Пэдра Барэта, пастыр дыяцэзіі Гуанкаё ў Перу; арцыбіскуп Дэзірэ Царахазана, пастыр дыяцэзіі Туамасіна на Мадагаскары; арцыбіскуп Джузэпэ Петрокі, пастыр дыяцэзіі Аквіла ў Італіі; арцыбіскуп Томас Аквін Манё Маэда, пастыр дыяцэзіі Осака ў Японіі.

Акрамя таго, Францішак уключыў у склад Калегіі кардыналаў трох пастыраў, якія вылучыліся руплівым служэннем Касцёлу. Яны ўжо перасягнулі 80-гадовы парог і таму не змогуць прыняць удзел у магчымым канклаве. Гаворка ідзе пра мексіканскага арцыбіскупа Сэрхіа Абэса Рыверу, пастыра дыяцэзіі Халапа на пенсіі; балівійскага біскупа Тарыбіа Цікона Порка, тэрытарыяльнага прэлата Коракора на пенсіі; а таксама іспанскага законніка Аквіліна Бокаса Мэрына з кангрэгацыі Місіянераў Сыноў Беззаганнага Сэрца Найсвяцейшай Панны Марыі.

Навіна ў фармаце аўдыё

Photogallery

Звычайны публічны кансісторый 28 чэрвеня 2018 г.
28 чэрвеня 2018, 17:06