Пошук

Папа Францішак на Сінодзе Біскупаў Папа Францішак на Сінодзе Біскупаў 

Францішак ухваляе прадстаўнікоў епіскапатаў на Сінод Біскупаў

Святы Айцец ухваліў выбар прадстаўнікоў Канферэнцыі Біскупаў ЗША на XV Генеральную Асамблею Сінода Біскупаў, якая будзе мець месца 3-28 кастрычніка 2018 г. у Ватыкане.

Епіскапат ЗША будзе прадстаўлены яго старшынёй, кардыналам Даніэлем Нікаласам Дзінарда; віцэ-старшынёй, арцыбіскупам Хасэ Гомесам; старшынёй камісіі па справах свецкіх вернікаў, сужэнства, сям’і і моладзі, арцыбіскупам Чарльзам Шап’ю; членам той жа камісіі, біскупам Фрэнкам Джозэфам Каджана; а таксама старшынёй камітэту па евангелізацыі і катэхізацыі, біскупам Робертам Баронам.

Колькасць дэлегатаў ад розных біскупскіх канферэнцый залежыць ад іх шматлікасці. Канферэнцыя Біскупаў ЗША складаецца з 455 актыўных і эмерытаваных іерархаў. Разам з Італіяй і Бразіліяй, яна належыць да самых колькасна вялікіх у свеце.

У асамблеі прымуць удзел каля 300 біскупаў з усяго свету, а таксама эксперты і аўдытары.

Як заявілі раней у Ватыкане, абраная тэма – “Моладзь, вера і распазнанне паклікання” – гэта выраз пастырскай заклапочанасці лёсам моладзі. Касцёл імкнецца суправаджаць маладых людзей на іх жыццёвым шляху да сталасці, каб яны праз працэс распазнання змаглі адкрыць для сябе свой жыццёвы праект і рэалізаваць яго з радасцю, выходзячы на сустрэчу з Богам і людзьмі, прымаючы актыўны ўдзел у фарміраванні Касцёла і грамадства.

Месяц таму ў Ватыкане быў прадстаўлены Працоўны дакумент XV Звычайнай асамблеі Сінода Біскупаў. Ён быў падрыхтаваны на падставе анлайн-апытальніка, які быў даступны на працягу шасці месяцаў на сайце Сакратарыята Сінода, а таксама заўваг мясцовых епіскапатаў, што былі дасланы ў Ватыкан, і па выніках двух моладзевых форумаў: міжнароднага семінара аб сітуацыі моладзі, які праходзіў у Рыме ў верасні 2017 г., і перадсінадальнай сустрэчы, што адбылася ў сакавіку 2018 г.

24 ліпеня 2018, 14:57