Францішак ухваляе прадстаўнікоў епіскапатаў на Сінод Біскупаў
Епіскапат ЗША будзе прадстаўлены яго старшынёй, кардыналам Даніэлем Нікаласам Дзінарда; віцэ-старшынёй, арцыбіскупам Хасэ Гомесам; старшынёй камісіі па справах свецкіх вернікаў, сужэнства, сям’і і моладзі, арцыбіскупам Чарльзам Шап’ю; членам той жа камісіі, біскупам Фрэнкам Джозэфам Каджана; а таксама старшынёй камітэту па евангелізацыі і катэхізацыі, біскупам Робертам Баронам.
Колькасць дэлегатаў ад розных біскупскіх канферэнцый залежыць ад іх шматлікасці. Канферэнцыя Біскупаў ЗША складаецца з 455 актыўных і эмерытаваных іерархаў. Разам з Італіяй і Бразіліяй, яна належыць да самых колькасна вялікіх у свеце.
У асамблеі прымуць удзел каля 300 біскупаў з усяго свету, а таксама эксперты і аўдытары.
Як заявілі раней у Ватыкане, абраная тэма – “Моладзь, вера і распазнанне паклікання” – гэта выраз пастырскай заклапочанасці лёсам моладзі. Касцёл імкнецца суправаджаць маладых людзей на іх жыццёвым шляху да сталасці, каб яны праз працэс распазнання змаглі адкрыць для сябе свой жыццёвы праект і рэалізаваць яго з радасцю, выходзячы на сустрэчу з Богам і людзьмі, прымаючы актыўны ўдзел у фарміраванні Касцёла і грамадства.
Месяц таму ў Ватыкане быў прадстаўлены Працоўны дакумент XV Звычайнай асамблеі Сінода Біскупаў. Ён быў падрыхтаваны на падставе анлайн-апытальніка, які быў даступны на працягу шасці месяцаў на сайце Сакратарыята Сінода, а таксама заўваг мясцовых епіскапатаў, што былі дасланы ў Ватыкан, і па выніках двух моладзевых форумаў: міжнароднага семінара аб сітуацыі моладзі, які праходзіў у Рыме ў верасні 2017 г., і перадсінадальнай сустрэчы, што адбылася ў сакавіку 2018 г.