Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Францішак да моладзі: свет мае патрэбу ў вашай свабодзе духу

“Майце мужнасць! Свет мае патрэбу ў вашай свабодзе духу, вашым упэўненым поглядзе ў будучыню, вашым імкненні да праўды, дабра і прыгажосці”, - напісаў Францішак да польскай моладзі.

Святы Айцец прымеркаваў сваё пасланне да 450-годдзя з дня смерці св. Станіслава Косткі – апекуна маладых людзей.

Пантыфік пажадаў моладзі вучыцца свабоды, “якая з’яўляецца не бегам усляпую, але здольнасцю распазнання мэты і абрання лепшых шляхоў паводзін і жыцця”. І ў гэтым можа дапамагчы прыклад св. Станіслава, які імкнуўся да сяброўства з Езусам праз чытанне і разважанне Яго слова, праз прыняцце ў Эўхарыстыі Яго міласэрнай і поўнай сілы прысутнасці.

Папа заклікаў моладзь супрацьстаяць ціску менталітэту гэтага свету. “Св. Станіслаў вучыць не баяцца рызыкаваць і марыць пра сапраўднае шчасце, крыніцай і гарантам якога з’яўляецца Езус Хрыстус”, - напісаў Францішак.

Св. Станіслаў Костка, які нарадзіўся ў Польшчы, а затым пераехаў у Вену, не маючы яшчэ сямнаццаці гадоў, хацеў уступіць у Ордэн Езуітаў, але атрымаў адмоўны адказ ад нямецкага правінцыяла Пятра Канізія. Нягледзячы на вельмі малады ўзрост, ён праявіў незвычайную паслядоўнасць і рашучасць і накіраваўся ў Рым, дзе рэалізаваў сваё жаданне: у кастрычніку 1567 г. яго прынялі ў навіцыят езуітаў. Практычна праз год, 15 жніўня 1568 г., ва ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, Станіслаў памёр у арэоле святасці. Ён быў пахаваны ў рымскім касцёле св. Андрэя і ў 1726 г. кананізаваны.

Навіна ў фармаце аўдыё
15 жніўня 2018, 12:10