Францішак да моладзі: свет мае патрэбу ў вашай свабодзе духу
Святы Айцец прымеркаваў сваё пасланне да 450-годдзя з дня смерці св. Станіслава Косткі – апекуна маладых людзей.
Пантыфік пажадаў моладзі вучыцца свабоды, “якая з’яўляецца не бегам усляпую, але здольнасцю распазнання мэты і абрання лепшых шляхоў паводзін і жыцця”. І ў гэтым можа дапамагчы прыклад св. Станіслава, які імкнуўся да сяброўства з Езусам праз чытанне і разважанне Яго слова, праз прыняцце ў Эўхарыстыі Яго міласэрнай і поўнай сілы прысутнасці.
Папа заклікаў моладзь супрацьстаяць ціску менталітэту гэтага свету. “Св. Станіслаў вучыць не баяцца рызыкаваць і марыць пра сапраўднае шчасце, крыніцай і гарантам якога з’яўляецца Езус Хрыстус”, - напісаў Францішак.
Св. Станіслаў Костка, які нарадзіўся ў Польшчы, а затым пераехаў у Вену, не маючы яшчэ сямнаццаці гадоў, хацеў уступіць у Ордэн Езуітаў, але атрымаў адмоўны адказ ад нямецкага правінцыяла Пятра Канізія. Нягледзячы на вельмі малады ўзрост, ён праявіў незвычайную паслядоўнасць і рашучасць і накіраваўся ў Рым, дзе рэалізаваў сваё жаданне: у кастрычніку 1567 г. яго прынялі ў навіцыят езуітаў. Практычна праз год, 15 жніўня 1568 г., ва ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, Станіслаў памёр у арэоле святасці. Ён быў пахаваны ў рымскім касцёле св. Андрэя і ў 1726 г. кананізаваны.