Папа: Езус прагне заспакоіць самы глыбокі голад чалавека
“У гэтыя апошнія нядзелі літургія паказала нам поўны пяшчоты вобраз Езуса, які выходзіць насустрач народу і яго патрэбам, - заўважыў Пантыфік. - У сённяшнім евангельскім апавядананні (пар. Ян 6,24-35) перспектыва змяняецца: цяпер народ, спрагнёны па Езусе, чарговы раз пачынае шукаць Яго. Але Езусу не дастаткова, каб людзі Яго шукалі. Ён прагне, каб людзі ведалі Яго, каб пошук Яго і сустрэча з Ім ішлі далей за імгненнае задавальненне матэрыяльных патрэбаў.
Таму, звяртаючыся да народу, Ён усклікнуў: “Шукаеце Мяне не таму, што бачылі цуды, а таму, што з’елі хлеб і насыціліся” (Ян 6,26). Так Ён стымулюе людзей зрабіць крок наперад, задумацца аб значэнні цуда, а не толькі атрымаць ад яго выгаду. Сапраўды, памнажэнне хлябоў і рыбаў – гэта знак вялікага дару, які Айцец зрабіў для чалавецтва і якім з’яўляецца сам Езус!
Ён, сапраўдны “хлеб жыцця” (Ян 6,35), прагне насыціць не толькі целы, але таксама і душы, даючы духоўны пасілак, які можа заспакоіць самы глыбокі голад.
Народ слухае запрашэнне Пана, але не разумее сэнсу – як часта здараецца таксама і з намі, – і пытаецца: “Што нам рабіць, каб выконваць справы Божыя?” (Ян 6,28). Слухачы Езуса думаюць, што Ён просіць іх захоўваць прадпісанні, каб атрымаць іншыя цуды, нападабенства памнажэння хлябоў.
Гэта шырока распаўсюджаная спакуса – зводзіць рэлігію да практыкавання прадпісанняў, праецыруючы на нашыя адносіны з Богам вобраз адносін паміж слугамі і іх гаспадаром: слугі павінны выконваць заданні, якія ім даў гаспадар, каб ён быў да іх добразычлівым. Гэта мы ведаем усе. Таму людзі жадаюць даведацца ад Езуса, што яны павінны рабіць, каб задаволіць Бога. Але Езус дае нечаканы адказ: “У тым справа Божая, каб вы верылі ў таго, каго Ён паслаў” (Ян 6,29).
Калі дазволім Яму ўключыць нас ў гэтыя адносіны любові і даверу з Езусам, будзем здольнымі здзяйсняць добрыя справы, што маюць водар Евангелля, дзеля дабра і патрэбаў братоў.
Пан запрашае нас не забываць, што, калі неабходна клапаціцца пра матэрыяльны хлеб, то яшчэ важней развіваць адносіны з Ім, умацоўваць нашу веру ў Яго, “хлеб жыцця”, што прыйшоў, каб заспакоіць наш голад праўды, справядлівасці, любові. Няхай Панна Марыя, у дзень калі ўзгадваем пасвячэнне базылікі Санта-Марыя-Маджорэ ў Рыме, “Salus Populi Romani”, падтрымлівае нас на нашым шляху веры і дапаможа нам з радасцю даверыцца задуме Бога адносна нашага жыцця”.
Пасля марыйнай малітвы Пантыфік прывітаў прысутных на плошчы св. Пятра вернікаў і ўдзяліў сваё благаслаўленне, заклікаючы не забываць маліцца за яго.