Папа: самая вялікая радасць – распавядаць моладзі пра Езуса
Аўдыенцыя была прымеркавана да генеральнага капітула гэтай манаскай супольнасці, заснавананай у 1874 г. св. Джузэпэ Марэла, італьянскім біскупам і актыўным душпастырам моладзі.
Вітаючы сваіх гасцей Пантыфік прызнаўся ў вялікай духоўнай еднасці са св. Юзафам. “Ён мае вялікую сілу! На працягу больш чым 40 гадоў я малюся словамі малітвы, якую знайшоў у адным старажытным французскім імшале, дзе гаворыцца, што св. Юзаф “мае сілу, каб зрабіць немагчымае магчымым”. Сіла св. Юзафа... Ён ніколі – ніколі! – не сказаў мне “не”. Гэта павінна даваць нам мужнасць!”, - падкрэсліў Папа.
Францішак зазначыў, што генеральны капітул манаскай супольнасці з’яўляецца асаблівым момантам ласкі, як для членаў самаго таварыства, так і для ўсіх касцёльных структур, парафій, сем’яў, аб’яднанняў свецкіх вернікаў, якія з ім звязаны.
Пантыфік заклікаў законнікаў, у жыцці і апостальскай дзейнасці, наследаваць прыклад служэння св. Юзафа з Назарэта, пачынаючы ад яго сціплага, пакорнага і працавітага ладу жыцця.
- заўважыў Папа.
Францішак заклікаў сваіх гасцей быць у свеце сведкамі асаблівага паслання, суцяшаючай Добрай весткі аб тым, што “Бог паслугуецца ўсімі, аддаючы перавагу самым малым і па-чалавечы непадрыхтаваным людзям, каб сеялі і дапамагалі расці Яго Валадарству”.
“Заахвочваю вас, каб працягвалі жыць і дзейнічаць у Касцёле і свеце, маючы простыя, але важныя цноты абранніка Найсвяцейшай Панны Марыі: пакору, якая прыцягвае добразычлівасць Айца; блізкасць да Пана, якая асвячае ўсю хрысціянскую дзейнасць; маўчанне і схаванасць, спалучаныя з дбайнасцю і працавітасцю на карысць волі Пана; у духу тых слушных слоў, якія св. Джузэпэ Марэла пакінуў вам у якасці дэвізу і рэгулы: “Будзьце картузамі дома і апосталамі за яго сценамі”, - сказаў Папа.
- дадаў Святы Айцец.
Перад абліччам сучасных выклікаў, сярод якіх Пантыфік узгадаў рэлятывізм, які пагражае асновам веры і пазбаўляе значэння ідэю хрысціянскай вернасці, законнікі, паводле яго слоў, пакліканы быць сведкамі любові і вернасці Хрысту і Яго Касцёлу.
“Словамі і жыццём вучыце людзей ва ўсіх частках свету і асабліва моладзь – да якой галоўным чынам скіравана ваша апостальская дзейнасць, – што прыклад св. Юзафа з Назарэту, які цалкам прысвяціў сябе служэнню Езусу, дагэтуль з’яўляецца самым простым, самым надзейным і самым захапляючым шляхам да поўнай і радаснай рэалізацыі свайго жыцця і хрысціянскага паклікання”, - сказаў Пантыфік.
“Перад абліччам павярхоўнай культуры, якая ўзвышае валоданне матэрыяльнымі дабротам, абяцаючы шчасце праз небяспечныя і кароткія шляхі, заўсёды падштурхоўвайце моладзь гартаваць свой дух і фармаваць у сябе сталую асобу, здольную быць моцнай, але адначасова і пяшчотнай. І самая вялікая радасць – гэта распавядаць моладзі пра Езуса Хрыста, чытаючы з ёй Евангелле, разам суадносячы яго з жыццём. Гэта лепшы шлях для будавання трывалай будучыні”, - закончыў свой зварот Святы Айцец.