Папа заклікаў да малітвы аб ахове стварэння
“У наступную суботу, 1 верасня, пройдзе IV Сусветны дзень малітвы аб ахове стварэння, які мы адзначаем у адзінстве з праваслаўнымі братамі і сёстрамі і ў лучнасці з іншымі Цэрквамі і хрысціянскімі супольнасцямі. У пасланні на гэты год я жадаю звярнуць увагу на пытанне вады, першачарговага дабра, якое трэба бараніць і да якога трэба забяспечыць доступ усім”, - сказаў Пантыфік.
Францішак падзякаваў за разнастайныя ініцыятывы, якія з гэтай нагоды былі падрыхтаваны мясцовымі Касцёламі, інстытутамі кансэкраванага жыцця і касцёльнымі арганізацыямі ў розных частках планеты. “Заклікаю ўсіх далучыцца ў малітве, у суботу, за наш супольны дом, за клопат аб нашым супольным доме”, - сказаў Пантыфік.
Сусветны дзень малітвы аб ахове стварэння адзначаецца ў Каталіцкім Касцёле з 2015 г. Ён быў устаноўлены Францішкам, які вырашыў такім чынам падтрымаць ініцыятыву праваслаўных хрысціян, якія адзначаюць гэты Дзень з 1989 г.