Авіябрыфінг Папы: злоўжыванні духавенства і дамова з Кітаем
Яна прайшла на борце самалёта “Air Baltic” па дарозе з Таліна ў Рым, пасля завяршэння падарожжа ў балтыйскія краіны.
Францішак адзначыў, што маладыя людзі абураны крывадушнасцю дарослых, войнамі, карупцыяй і сексуальнымі скандаламі. Ён дадаў, што незалежна ад статыстычных дадзеных аб колькасці злоўжыванняў духавенства, “калі нават адзін святар выкарыстоўвае хлопчыка ці дзяўчынку, гэта жудасна, таму што гэты чалавек быў абраны Богам, каб весці дзіця да неба”. Той факт, што такія злачынствы існуюць у многіх асяроддзях, ніякім чынам не памяншае скандалу іх прысутнасці ў касцёльных структурах. Калі Касцёл ўбачыў маштаб зла, зрабіў тое, што было ў яго сілах, падкрэсліў Папа.
Журналісты таксама папрасілі Пантыфіка пракаментаваць кітайска-ватыканскае пагадненне па прызначэнні біскупаў і пакутах тых католікаў Кітаю, якія рызыкавалі сваім жыццём, каб заставацца вернымі Папу, не прымаючы кантролю камуністычных уладаў над Касцёлам. Святы Айцец сказаў, што некаторыя вернікі ў Паднябеснай могуць адчуваць сябе здраджанымі, але выказаў упэўненасць у тым, што дзякуючы вялікай верай яны ўрэшце даверацца Папу.
Францішак падзякаваў групе Святога Пасаду, якая на працягу 10 гадоў вяла перамовы ў рытме “два крокі наперад, адзін крок назад”. У той жа час ён падкрэсліў, што асабіста нясе поўную адказнасць за пагадненне.
“Новае кітайска-ватыканскае пагадненне ўстанаўлівае дыялог аб магчымых кандыдатах для дыяцэзій у Кітаі, але іх прызначэнне здзяйсняе Папа – гэта павінна быць ясна”, - падкрэсліў Францішак.