Дапоўнена праграма візіту Папы ў краіны Балтыі
Малітва ля помніку ахвярам гета – якая адбудзецца вечарам 23 верасня 2018 г. – не была прадугледжана афіцыйнай праграмай падарожжа Папы ў краіны Балтыі, апублікаванай Залай Друку Апостальскай Сталіцы некалькі месяцаў таму.
У астатнім праграма візіту застаецца без зменаў. Францішак прыбудзе ў Вільнюс 22 верасня ў першай палове дня. Пасля цырымоніі прывітання, ён адправіцца ў Прэзідэнцкі палац, дзе сустрэнецца з кіраўніком Літоўскай Рэспублікі, а затым звернецца да прадстаўнікоў органаў улады, грамадзянскай супольнасці і дыпламатычнага корпуса.
У другой паволе дня Папа наведае санктуарый Маці Божай Вастрабрамскай, пасля чаго сустрэнецца з літоўскай моладдзю на плошчы перад вільнюскім катэдральным касцёлам. Вечарам Пантыфік завітае таксама ў катэдру.
На наступны дзень, 23 верасня, Святы Айцец адправіцца ў Каўнас, дзе будзе цэлебраваць св. Імшу і правядзе малітве “Анёл Панскі”. У мясцовым катэдральным касцёле Францішак сустрэнецца з літоўскім духавенствам, кансэкраванымі асобамі і семінарыстам.
Вярнуўшыся ў Вільнюс Папа адведае Музей акупацыі і барацьбы за свабоду і памоліцца за ахвяр усіх войнаў. Перад гэтым ён ушануе памяць ахвяр гета перад адмысловым помнікам.
24 верасня 2018 г. Святы Айцец вылеціць у Латвію. Каля паловы дзявятай раніцы самалёт з Пантыфікам прызямліцца ў міжнародным аэрапорце Рыгі.
Пасля цырымонія прывітання Францішак адправіцца ў Прэзідэнцкі палац для сустрэчы з латышскім лідарам і іншымі прадстаўнікамі палітычнай улады, з членамі грамадзянскай супольнасці і дыпкорпуса.
Затым запланавана цырымонія ўскладання вянкоў да Помніка Свабоды – манумента ў памяць аб загінулых змагарах за незалежнасць Латвіі.
Далейшая праграма прадугледжвае экуменічную сустрэчу Францішка ў рыжскім Домскім кафедральным саборы, а пасля яе – візіт Святога Айца ў сабор св. Якуба.
Пасля абеду Францішак на верталёце накіруецца ў санктуарый Маці Божай Аглонскай. Там ён узначаліць Эўхарыстыю, падчас якой прамовіць казанне да вернікаў. Пасля св. Імшы Папа вернецца ў Рыгу, а адтуль на самалёце – у Вільнюс.
25 верасня 2018 г. каля 10.00 Францішак прыбудзе ў Талін. Пасля традыцыйнага прывітання ён правядзе сустрэчу з Прэзідэнтам Эстоніі, прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці і дыпкорпуса ў Прэзідэнцкім палацы.
Акрамя таго, праграма візіту Папы ў Эстонію прадугледжвае экуменічную сустрэчу з моладдзю ў лютэранскай царкве св. Карла, сустрэчу з супрацоўнікамі каталіцкіх дабрачынных арганізацый у катэдральным касцёле свв. Пятра і Паўла.
Затым Францішак узначаліць св. Імшу на плошчы Свабоды Таліна, пасля якой развітаецца з эстонскімі вернікамі і накіруецца ў аэрапорт, адкуль каля сёмай гадзіны вечара вылеціць у Рым. У 21.20 самалёт з Пантыфікам на борце прызямліцца ў рымскім аэрапорце “Ciampino”.
Візіт у балтыйскія краіны стане для Францішка ўжо 23-м падарожжам за межы Італіі.