Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Францішак заклікаў да ружанцовай малітвы за Касцёл

Святы Айцец заклікаў вернікаў па ўсім свеце ў кастрычніку штодзённа маліцца на Святым Ружанцы, каб Багародзіца захоўвала Касцёл пад сваім плашчом і бараніла ад нападкаў д’ябла.

Ідэя ў тым, каб аб’яднацца ў камуніі і пакаянні, як Божы народ, просячы Багародзіцу і св. Міхаіла Арханёла бараніць Касцёл ад злога духа, які заўсёды спрабуе аддзяліць чалавека ад Бога і пасеяць падзелы паміж людзьмі.

У паведамленні Залы Друку Апостальскай Сталіцы гучыць спасылка на гамілію Папы падчас ранішняй св. Імшы 11 верасня: “Вялікі Абвінаваўца – як ён сам кажа Богу ў першым раздзеле кнігі Ёва – ходзіць па свеце, шукаючы як абвінаваціць”. Толькі малітвай можна перамагчы яго. Рускія містыкі і вялікія святыя ўсіх традыцый раілі, у моманты духоўных хваляванняў звяртацца да Маці Божай малітвай “Тваёй абароне аддаёмся”.

Святы Айцец просіць вернікаў маліцца, каб Багародзіца захоўвала Касцёл пад сваім плашчом, бараніла ад нападкаў д’ябла, і ў той жа час дапамагала яму больш усвядоміць сваю віну, памылкі і злоўжыванні мінулага і сучаснасці і ўключыцца ў барацьбу з імі, каб зло не перамагло.

Святы Айцец папрасіў таксама, каб ружанцовае набажэнства ў кастрычніку завяршала малітва папы Льва XIII: Святы Арханёле Міхале, беражы нас у змаганні супраць спакусаў і пастак злога духа. Пакорна просім, няхай яго знішчыць Пан Бог, а Ты, Князю Войска Нябеснага, моцай Божай скінь у пекла сатану і іншых злых духаў, якія на згубу душаў снуюць па свеце. Амэн. (паводле “Парафіяльная агенда”, Пінск 2018)

Кастрычнік – месяц, прысвечаны ў Каталіцкім Касцёле ружанцовай малітве. Яна спалучаная з роздумам пра падзеі з жыцця Езуса Хрыста і Панны Марыі, што ўтвараюць чатыры часткі Ружанца – радасныя, балесныя, хвалебныя таямніцы і таямніцы святла.

Навіна ў фармаце аўдыё
29 верасня 2018, 14:22