Францішак заклікаў да ружанцовай малітвы за Касцёл
Ідэя ў тым, каб аб’яднацца ў камуніі і пакаянні, як Божы народ, просячы Багародзіцу і св. Міхаіла Арханёла бараніць Касцёл ад злога духа, які заўсёды спрабуе аддзяліць чалавека ад Бога і пасеяць падзелы паміж людзьмі.
У паведамленні Залы Друку Апостальскай Сталіцы гучыць спасылка на гамілію Папы падчас ранішняй св. Імшы 11 верасня: “Вялікі Абвінаваўца – як ён сам кажа Богу ў першым раздзеле кнігі Ёва – ходзіць па свеце, шукаючы як абвінаваціць”. Толькі малітвай можна перамагчы яго. Рускія містыкі і вялікія святыя ўсіх традыцый раілі, у моманты духоўных хваляванняў звяртацца да Маці Божай малітвай “Тваёй абароне аддаёмся”.
Святы Айцец просіць вернікаў маліцца, каб Багародзіца захоўвала Касцёл пад сваім плашчом, бараніла ад нападкаў д’ябла, і ў той жа час дапамагала яму больш усвядоміць сваю віну, памылкі і злоўжыванні мінулага і сучаснасці і ўключыцца ў барацьбу з імі, каб зло не перамагло.
Святы Айцец папрасіў таксама, каб ружанцовае набажэнства ў кастрычніку завяршала малітва папы Льва XIII: Святы Арханёле Міхале, беражы нас у змаганні супраць спакусаў і пастак злога духа. Пакорна просім, няхай яго знішчыць Пан Бог, а Ты, Князю Войска Нябеснага, моцай Божай скінь у пекла сатану і іншых злых духаў, якія на згубу душаў снуюць па свеце. Амэн. (паводле “Парафіяльная агенда”, Пінск 2018)
Кастрычнік – месяц, прысвечаны ў Каталіцкім Касцёле ружанцовай малітве. Яна спалучаная з роздумам пра падзеі з жыцця Езуса Хрыста і Панны Марыі, што ўтвараюць чатыры часткі Ружанца – радасныя, балесныя, хвалебныя таямніцы і таямніцы святла.