Папа скіраваў пасланне да армянскага Ордэна Мхітарыстаў
Кляштар быў заснаваны ў 1717 г. армянскім святаром Мхітарам Сэбастацы на востраве, які той атрымаў у дар ад папы Клімента XI. Тут нясуць служэнне законнікі з заснаванай гэтым рэлігійным і культурным дзеячам манаскай супольнасці, галоўным напрамкам дзейнасці якой з’яўляецца духоўна-культурнае развіццё армянскага народа, захаванне мовы і помнікаў старажытнаармянскай пісьменнасці, евангелізацыйная дзейнасць у краінах Блізкага Усходу.
У сваім пасланні Францішак заклікаў манахаў працягваць традыцыю армянскага тэалагічнага гуманізму і захоўваць экуменічную адкрытасць.
“Востраў св. Лазара, разам з кляштарам у Вене, стаў пульсуючым сэрцам жыцця кангрэгацыі: нягледзячы на агульнае змяншэнне колькасці манахаў, кожны з іх пакліканы, тут і паўсюдна, трымаць адкрытымі і шырокімі гарызонты місіі і моцныя повязі адзінства. Мхітаранская духоўнасць заключаецца перш за ўсё ў быцці манахамі, асобамі, якія цалкам прысвечаны Богу. Гэта пакліканне не магчыма споўніць без рэальнай еднасці з сабратамі і без поўнага, цэласнага і радаснага прыняцця абяцанняў убогасці, чыстасці і паслухмянасці, евангельскай крыніцы сапраўднага абнаўлення і надзейнай гарантыі ў сучасных турботах”, - напісаў Папа.
Пантыфік запэўніў манахаў Ордэна Мхітарыстаў у сваёй малітве, і пажадаў, каб полымя, запаленае заснавальнікам супольнасці, працягвала асвячаць цярністы і квітнеючы шлях армянскага народа.