Святы Айцец: тоеснасць і прыналежнасць не прадаюцца
Спасылаючыся на міжрэлігійны і міжнародны характар форума, Святы Айцец зазначыў, што сапраўдная сустрэча заўсёды прадугледжвае ўпэўненасць ва ўласнай тоеснасці. Ад яе нельга адмаўляцца дзеля сустрэчы з іншым чалавека, як нельга маскіраваць, нельга хаваць, “бо жыццё – гэта не карнавал, а штосьці вельмі сур’ёзнае”.
Пытанне пра тоеснасць, паводле Папы, з’яўляецца нялёгкім. Яго заўсёды трэба насіць у сэрцы і трымаць адкрытым. Гэта пытанне, якое “ідзе разам з пытаннем пра значэнне майго жыцця”, дадаў ён.
Пантыфік падкрэсліў, што тоеснасць не набываецца аднойчы і назаўсёды, але пастаянна развіваецца. “Не бывае лабараторнай тоеснасці. Кожная тоеснасць мае гісторыю. А паколькі мае гісторыю – мае прыналежнасць. Мая тоеснасць паходзіць з сям’і, краіны, супольнасці. Вы не можаце казаць пра тоеснасць не кажучы пра прыналежнасць. Мець тоеснасць – значыць прыналежаць. Прыналежаць да чагосьці, што мяне пранізвае, што большае за цябе”, - сказаў ён.
Небяспека, паводле Папы, заключаецца ў тым, што людзі забываюцца пра свае карані, пра тое, адкуль паходзяць, пра сваю гісторыю, становяцца закрытымі на адметнасці, глядзяць на іншых са страхам, бачаць у іх ворагаў – і гэта прыводзіць да канфліктаў і войнаў.
Каб тоеснасць не станавілася гвалтоўнай і аўтарытарнай, каб не адмаўляла адметнасці, яна мае пастаянную патрэбу ў тым, каб сустракацца з іншымі, мае патрэбу ў дыялогу і павінна захоўваць памяць пра сваю прыналежнасць.
“Клапаціцеся пра вашу прыналежнасць. (...) Не прадавайце самае глыбокае, што ёсць у нас: нашу прыналежнасць, нашу тоеснасць. І няхай на шляху адбываецца сустрэча розных “тоеснасцей”, каб узаемна ўзбагачацца. Няхай будуецца братэрства”, - пажадаў Пантыфік.
У сваім відэапасланні Францішак падзякаваў арганізатарам сустрэчы і заклікаў моладзь рабіць “мастацкі шэдэўр” з уласнай тоеснасці і прыналежнасці.