Папа падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане Папа падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане 

Папа на агульнай аўдыенцыі: не сведчы фальшыва

Не сведчыць фальшыва супраць бліжняга свайго, значыць жыць як Божыя дзеці, дазваляючы, каб у кожны нашым учынку было бачна, што Бог – гэта Айцец, і Яму можна давяраць, заўважыў Папа.


Падчас агульнай аўдыенцыі, якая 14 лістапада 2018 г. прайшла на плошчы св. Пятра ў Ватыкане, Францішак засяродзіў увагу на восьмай запаведзі: “Не сведчы фальшыва супраць бліжняга свайго”. Ён зазначыў, што жыццё “непраўдзівай камунікацыяй”, з’яўляецца нечым вельмі сур’ёзным, бо перашкаджае зносінам, а значыць любові. “Там дзе ёсць няпраўда, не можа быць любові”, - падкрэсліў Пап

“[Калі мы кажам пра зносіны паміж людзьмі, мы маем на ўвазе не толькі словы, але і жэсты, паводзіны і нават маўчанне і адсутнасць. Чалавек прамаўляе ўсім, чым з’яўляецца і што робіць. Мы ўсе жывём у камунікацыі з іншымі і пастаянна балансуем паміж праўдай і маной]”

, - дадаў Папа.

“Але што такое, казаць праўду? Гэта значыць быць шчырым? Ці дакладным? На самой справе, гэтага не дастаткова, бо можна шчыра памыляцца або быць дакладным у дэталях, але не разумець агульнага сэнсу. Часам, калі мы апраўдваемся, кажам: “Я сказаў, што пачуў!”. Так, але абсалютызаваў свой пункт гледжання. Або: “Я толькі сказаў праўду!”. Магчыма, але раскрыў прыватныя і канфідэнцыйныя факты. Колькі плётак знішчаюць еднасць па прычыне недарэчнасці ці адсутнасці тактоўнасці! Больш за тое, плёткі забіваюць...”, - сказаў Папа.

Святы Айцец нагадаў, што на пытанне Пілата аб праўдзе, Езус адказаў: “Я на тое нарадзіўся і на тое прыйшоў у свет, каб сведчыць аб праўдзе”. І гэта “сведчанне” Ён даў сваёй мукай і смерцю. “Сваёй смерцю Езус паказвае Айца, Яго міласэрную і верную любоў”, - падкрэсліў Пантыфік.

“[Праўда знаходзіць сваю поўную рэалізацыю ў самой асобе Езуса, у тым, як Ён жыў і памёр, што было плёнам Яго адносін з Айцом. Вось яно – жыццё Божых дзяцей, якое Ён, уваскрослы, дорыць таксама і нам, пасылаючы Святога Духа, Які з’яўляецца Духам праўды, і запэўнівае наша сэрца ў тым, што Бог – гэта наш Айцец]”

, - сцвердзіў Папа.

Паводле Францішка, чалавек у кожным сваім учынку або пацвярджае, або адчужае гэтую праўду. “Ад малых штодзённых сітуацыі да самых адказных рашэнняў. Але логіка тая ж – логіка, якой бацькі, бабулі і дзядулі вучаць нас, калі кажуць не падманваць”, - дадаў Пантыфік.

“Спытаем у саміх сябе: якую праўду пацвярджаюць нашы хрысціянскія ўчынкі, словы і рашэнні. Кожны можна спытаць у сябе: кім з’яўляюся, сведкам праўды ці падманшчыкам? Хрысціяне – гэта не нейкія выключныя людзі. Але яны з’яўляюцца дзецьмі Нябеснага Айца, Які заўсёды застаецца добрым і ніколі не падводзіць, улівае ў наша сэрца любоў да братоў. Гэта праўда сцвярджаецца не гучнымі словамі, але з’яўляецца спосабам існавання, жыцця і праяўляецца ў кожным учынку”, - дадаў Пантыфік.

Рэпартаж з плошчы св. Пятра

Святы Айцец зазначыў, што праўдай з’яўляецца цудоўнае аб’яўленне Бога і Яго айцоўскага аблічча, Яго бязмежная любоў. “Гэта праўда адпавядае чалавечаму розуму, але бясконца яго перасягае, бо з’яўляецца дарам, які сышоў на зямлю і ўцелавіўся ва ўкрыжаваным і ўваскрослым Хрысце. Яна стала бачнай тым, хто да яе прыналежыць і дэманструе адпаведнае ёй стаўленне”, - падкрэсліў на заканчэнне катэхезы Францішак.

Навіна ў фармаце аўдыё
14 лістапада 2018, 11:22