Папа сустрэўся з Патрыярхам Асірыйскай Царквы Усходу
У звароце да свайго высокага госця Францішак выказаў заклапочанасць сітуацыяй хрысціян Блізкага Усходу. “Яны крочаць Крыжовым шляхам па слядах Хрыста і, нягледзячы на тое, што належаць да розных супольнасцей, будуюць паміж сабой братэрскія адносіны, становячыся для нас сведкамі адзінства. Менавіта, каб пакласці канец гэтым пакутам, мы будзем маліцца разам, просячы Пана аб дары міру для Блізкага Усходу, асабліва для Ірака і Сірыі”, - заахвоціў Папа.
Прычынай для падзякі Богу Святы Айцец назваў дзейнасць Камісіі па тэалагічным дыялогу паміж Каталіцкім Касцёлам і Асірыйскай Царквой Усходу. Ён нагадаў, што ў мінулым годзе сустракаўся з яе членамі з нагоды падпісання сумеснай Дэкларацыі аб сакрамэнтальным жыцці.
“Гэта Камісія – плён дыялогу, – дэманструе, што практычныя і дысцыплінарныя адметнасці не заўсёды з’яўляюцца перашкодай для еднасці, а некаторыя адметнасці ў тэалагічных аспектах могуць разглядацца ў якасці ўзаемадапаўняльных, а не супрацьлеглых. Малюся, каб праца Камісіі, якая ў гэтыя дні пачынае трэці этап эклезіялагічных даследаванняў, дапаможа нам прайсці яшчэ адзін кавалак дарогі да вельмі чаканай мэты, якой будзе цэлебрававанне Ахвяры Пана на адным алтары”, - сказаў Пантыфік.
Паводле Святога Айца, на гэтым шляху неабходна захоўваць памяць і натхняцца прыкладам сведак веры мінуўшчыны. Ён узгадаў, што сёлета Асірыйская Царква Усходу, як і Халдэйская Царква, адзначаюць 700-годдзе смерці Адзішо бар Берыка, Мітрапаліта Нусайбіна, аднаго з самых вядомых сірыйскіх пісьменнікаў.
“Яго кнігі, асабліва па кананічным праве, дагэтуль з’яўляюцца фундаментальнымі для вашай Царквы. Мяне радуе ўдзел Вашай Святасці, а таксама паважаных членаў Вашай дэлегацыі, у міжнароднай канферэнцыі, арганізаванай з гэтай нагоды Папскім Усходнім Інстытутам. Няхай вывучэнне гэтага вялікага тэолага дапаможа лепш пазнаць багацце сірыйскай традыцыі і прыняць у якасці дару для ўсяго Касцёла”, - пажадаў Францішак.
Асірыйская Царква Усходу налічвае каля 500 тыс. вернікаў, якія пражываюць на тэрыторыі Блізкага Усходу, Еўропы, Паўночнай Амерыкі і Аўстраліі. Рэзідэнцыя Патрыярха знаходзіцца ў іракскім горадзе Эрбіль.