Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Францішак скіраваў пасланне на Сусветны дзень міру 2019

“Добрая палітыка стаіць на службе міру”, – так гучыць тэма сёлетняга паслання Францішка, прымеркаванага да 52-га Сусветнага дня міру. Тэкст быў апублікаваны 18 снежня 2018 г. у Ватыкане.

Мір займае цэнтральнае месца ў місіі вучняў Хрыста. “Гэта прапанова адрасавана ўсім людзям, якія спадзяюцца на мір ва ўмовах трагедый і насілля ў гісторыі чалавецтва”, - напісаў Папа. Ён падкрэсліў, што палітыка з’яўляецца важным носьбітам пабудовы грамадства і рэалізацыі чалавечых праектаў, але калі людзі, якія яе рэалізуюць не ўспрымаюць сваёй працы ў якасці служэння чалавецтву, яна можа стаць “інструментам прыгнёту, маргіналізацыі і нават знішчэння”.

Тое, што любоў з’яўляецца натхненнем для дзейнасці чалавека на зямлі, павінны разумець усе палітыкі, незалежна ад іх культурнай або рэлігійнай прыналежнасці, “якія жадаюць працаваць разам на карысць чалавечай сям’і, практыкуючы тыя чалавечыя цноты, якія вызначаюць добрую палітычную дзейнасць: справядлівасць, роўнасць, узаемную павагу, шчырасць, сумленнасць, вернасць”, падкрэсліў Пантыфік. У сваім пасланні ён нагадаў так званыя “Бласлаўленні палітыка”, прапанаваныя в’етнамскім кардыналам Франсуа Ксавьерам Нгуэн Ван Туанам.

“[Кожнае абнаўленне выбарчых функцый, кожны выбарчы тэрмін, кожны этап грамадскага жыцця з’яўляецца нагодай, каб вярнуцца да крыніцы і зыходных пунктаў, якія натхняюць справядлівасць і закон]”

, - напісаў Францішак.

У палітыцы, на жаль, хапае і заган, якія вынікаюць з асабістай некампетэнтнасці і скажэнняў у палітычным асяроддзі і ўстановах, заўважыў Папа. Тут ён назваў карупцыю, адмаўленне правоў, адсутнасць павагі да агульных правілаў, незаконнае ўзбагачэнне, абгрунтаванне ўлады сілай або шляхам адвольнага звароту да аргументу “дзяржаўных інтарэсаў”, нежаданне адмовіцца ад улады, ксенафобію, расізм, адсутнасць клопату пра Зямлю, пагарду да тых, хто быў вымушаны бегчы з радзімы.

Францішак заклікаў палітыкаў “падтрымліваць маладыя таленты і пакліканні, якія патрабуюць рэалізацыі”. Гэта, на яго думку, распаўсюджвае мір на ўзроўні сумлення і асобы.

“[Палітыка служыць міру, калі выражаецца ў прызнанні харызмы і здольнасцей кожнага чалавека]”

, - падкрэсліў Святы Айцец.

Пантыфік звярнуў увагу, што сёння мы жывём у часы, калі пануе атмасфера недаверу, “якая караніцца ў страху перад іншым ці чужым, у страху страціць сваю выгаду”. І гэта, на жаль, знаходзіць сваё адлюстраванне на палітычным узроўні ў выглядзе закрытасці і нацыяналізму, “што ставяць пад сумнеў братэрства, якога так адчайна патрэбуе наш глабалізаваны свет”. Францішак заклікаў палітыкаў устрымлівацца ад “неабгрунтаваных палітычных заяў, у якіх мігранты абвінавачваюцца ва ўсім зле”.

“[Эскалацыя запалохвання, а таксама бескантрольнае распаўсюджванне зброі супярэчаць маралі і пошуку сапраўднай згоды]”

, - адзначыў Папа.

“Мір на самой справе з’яўляецца вынікам вялікага палітычнага праекту, заснаванага на ўзаемнай адказнасці і ўзаемазалежнасці чалавечых істот. Але гэта таксама выклік, які кожны дзень патрабуе прыняцця. Мір – гэта пераўтварэнне сэрца і душы”, - падкрэсліў Святы Айцец. Ён удакладніў, што гаворка ідзе пра мір з самім сабой, мір з іншымі людзьмі, мір з стварэннем.

Францішак завяршыў сваё пасланне радкамі гімну Марыі “Магніфікат”, з якога, як падкрэсліў, павінна чэрпаць натхненне “мірная палітыка”.

Навіна ў фармаце аўдыё
18 снежня 2018, 11:43