Пантыфік: чалавек, які верыць, дае перспектыву надзеі
“У мінулую нядзелю літургія заклікала нас перажыць Адвэнт і чаканне Пана ў чуванні, а таксама з малітвай: “Чувайце і маліцеся” - нагадаў Папа. - Сёння, у другую нядзелю Адвэнта, нам указваецца як канкрэтызаваць гэта чаканне: распачынаючы шлях пакаяння. У якасці правадыра па гэтым шляху Евангелле прадстаўляе Яна Хрысціцеля, які “абходзіў усе ваколіцы Ярдана і прапаведаваў хрост пакаяння для адпушчэння грахоў” (Лк 3,3). Каб апісаць місію Хрысціцеля, евангеліст Лука нагадвае старажытнае прароцтва Ісаі, які кажа: “Голас таго, хто кліча ў пустыні: падрыхтуйце дарогу Пану, раўняйце сцежкі Яму! Кожная даліна ўзвысіцца, кожная гара і пагорак панізяцца” (Лк 3,4-5).
Каб падрыхтаваць дарогу Пану, Які прыходзіць, неабходна лічыцца з патрабаваннямі пакаяння, да якога заклікае Хрысціцель. Што гэта за патрабаванні?
Залатаць калдобіны, створаныя халоднасцю. Немагчыма мець адносіны, пазначаныя любоўю, міласэрнасцю, братэрствам у адносінах да бліжняга, калі ёсць расколіны, як і немагчыма ехаць па дарозе з калдобінамі. Трэба змяніць паводзіны. І ўсё гэта трэба рабіць з асаблівым клопатам пра самых патрабуючых. Таксама трэба паменшыць няроўнасці, створаныя пыхай і высакамер’ем. Як шмат людзей з’яўляецца пыхлівымі, грубымі, бессардэчнымі, і нават не ўсведамляюць гэтага. Трэба пераадолець гэта праз канкрэтныя жэсты прымірэння з нашымі братамі, просячы прабачэння за нашы правіны. Прымірыцца нялёгка. Мы заўсёды думаем: “Хто зробіць першы крок?”. Няхай Пан дапаможа нам у гэтым, каб мелі добрую волю. Насамрэч, пакаянне здзяйсняецца, калі вядзе да пакорнага прызнання нашых памылак, нашай нявернасці і занядбанняў.
Мы не можам апускаць рукі перад абліччам негатыўных сітуацый закрытасці і адчужэння; не павінны дазволіць, каб ментальнасць гэтага свету падпарадкавала нас, бо цэнтр нашага жыцця – гэта Езус і Яго слова святла, любові, суцяшэння. Хрысціцель запрашаў да пакаяння людзей свайго часу з сілай, запалам і суровасцю. У той жа час, ён быў здольным слухаць, быў здольным рабіць жэсты ласкавасці і прабачэння ў адносінах да вялікага мноства людзей, якія прыходзілі да яго, каб вызнаць свае грахі і хрысціцца хростам пакаяння.
Сведчанне Яна Хрысціцеля дапамагае нак крочыць наперад у нашым жыццёвым сведчанні. Выразнасць яго прапаведвання, яго адвага ў абвяшчэнні праўды, здолелі абудзіць чаканне і надзею на Месію, што драмала на працягу доўгага часу. Таксама і сёння вучні Езуса пакліканы быць Яго пакорнымі і адважнымі сведкамі, каб распаліць надзею, каб дапамагчы зразумець, што, нягледзячы ні на што, Божае Валадарства працягвае будавацца дзень за днём сілай Святога Духа.
Няхай Панна Марыя дапаможа нам дзень за днём рыхтаваць дарогу Пану, пачынаючы з саміх сябе; і сеяць вакол нас, з упартай цярплівасцю, зерні міру, справядлівасці і братэрства”.
Пасля марыйнай малітвы Святы Айцец прывітаў прысутных на ватыканскай плошчы рымлян і пілігрымаў, а затым удзяліў усім сваё благаслаўленне.