Пошук

Францішак перад стаенкай у Зале Паўла VI Францішак перад стаенкай у Зале Паўла VI 

Папа: Нараджэнне Хрыста нясе не цяпло каміну, а Боскае трымценне

Божае Нараджэнне – гэта перамога пакоры над пыхай, прастаты над раскошай, цішыні над шумам, малітвы над “часам для сябе”, Бога над маім я, падкрэсліў Папа 19 снежня 2018 г. падчас агульнай аўдыенцыі.

Сваю катэхезу Францішак прысвяціў Божаму Нараджэнню, да якога засталося некалькі дзён. “Святочныя дрэвы, упрыгожанні і агеньчыкі ўсюды нагадваюць, што таксама і сёлета будзе свята. Рэкламная машына заклікае абменьвацца самымі новымі падарункамі, здзіўляючы адно аднаго. Але я пытаюся ў сябе: ці менавіта такое свята падабаецца Богу? Якога Божага Нараджэння хацеў бы Ён, якіх падарункаў і якіх сюрпрызаў?”, - спытаў Святы Айцец.

Пантыфік заклікаў паглядзець на самае першае Божае Нараджэнне ў гісторыі, каб зразумець “густы Бога”. Яно было поўнае нечаканасцей: змяніла жыццё Марыі, якая з панны стала маці; змяніла жыццё Юзафа, які павінен быў прыняць цяжарную нявесту, стаць бацькам для сына, народжанага не ад яго, а затым уцякаць з сям’ёй у Егіпет.

“[Калі хочам перажыць Божае Нараджэнне, мы павінны адкрыць сэрцы і быць гатовымі да сюрпрызаў, да нечаканай змены жыцця]”

, - лічыць Папа.

“Але самая вялікая нечаканасць адбылася ў ноч Божага Нараджэння: Найвышэйшы – гэта маленькае дзіця. Божае Слова – гэта немаўля, што літаральна азначае “няздольны размаўляць”. (...) Сустрэлі Створцу не тагачасныя ўлады ці паслы, але простыя пастухі, якія, здзіўленыя анёламі падчас начной працы, прыбеглі неадкладна. Хто мог чакаць гэтага? Адзначаць Божае Нараджэнне, значыць святкаваць беспрэцэдэнтнасць Бога, ці лепш, Бога беспрэцэдэнтнага, Які абвяргае нашу логіку і нашы чаканні”, - сказаў Папа.

Францішак падкрэсліў, што святкаваць Божае Нараджэнне, азначае прымаць нечаканасці Неба ў нашай зямной рэчаіснасці.

“Нельга жыць у катэгорыях “зямля-зямля”, калі Неба прынесла сваю навізну ў свет. Божае Нараджэнне дае пачатак новаму часу, дзе жыццё не плануецца, а дорыцца, дзе больш не жывуць для сябе, згодна са сваімі густамі, але для Бога; і з Богам, бо, пачынаючы ад Яго Нараджэння, Бог – гэта Бог-з-намі, Які жыве з намі, Які ідзе з намі. Перажыць Божае Нараджэнне, значыць дазволіць яго здзіўляючай навізне расчуліць нас”, - падкрэсліў Святы Айцец.

“[Нараджэнне Езуса нясе не цяпло каміну, якое супакойвае, а Боскае трымценне, якое страпянае гісторыяй]”

, - дадаў ён.

Папа зазначыў, што ўрачыстасць запрашае наследаваць прыклад Езуса, Які прыйшоў да чалавека, каб ён сам ішоў да тых, хто яго патрабуе. “Божае Нараджэнне азначае адданне перавагі ціхаму голасу Бога перад шумам спажывальніцтва. Калі здолеем стаяць у маўчанні перад святочнымі яслямі, Божае Нараджэнне стане сюрпрызам, а не нечым ужо зведаным, таксама і для нас”, - заўважыў Францішак.

“Аднак, на жаль, можна памыліцца святам і аддаць перавагу не навізне Неба, але звычайным зямным рэчам. Калі Божае Нараджэнне застанецца толькі прыгожым традыцыйным святам, дзе цэнтральнае месца займаем мы, а не Ён, гэта будзе згубленая нагода”, - папярэдзіў Пантыфік.

“[Калі ласка, не варта рабіць Божае Нараджэнне свецкім! Не варта забывацца пра Галоўнага Героя ўрачыстасці, як гэта здарылася тады, калі прыйшоў да сваіх “і свае Яго не прынялі]”

, - заклікаў ён.

Папа нагадаў, што ад самага пачатку Адвэнту Евангелле заклікае вернікаў не абцяжарваць сябе “свавольным жыццём” і “жыццёвымі клопатамі”. Ён падкрэсліў, што “ў гэтыя дні людзі мітусяцца як ніколі раней”, і гэта “супрацьлеглае таму, чаго хоча Езус”.

“Божае Нараджэнне наступіць тады, калі, як Юзаф, створым больш месца для цішыні; калі, як Марыя, скажам “вось я” Богу; калі, як Езус, станем блізкімі да самотных; калі, як пастухі, выйдзем за нашыя агароджы, каб быць з Езусам. Божае Нараджэнне наступіць тады, калі знойдзем святло ў Бэтлеемскім гроце. Божае Нараджэнне, аднак, не наступіць, калі будзем шукаць яркіх агнёў свету, калі запоўнім усё падарункамі, абедамі і вячэрамі, але не дапаможам ніводнаму беднаму, падобнаму на Бога, бо Бог нарадзіўся бедным”, - сказаў Пантыфік.

Францішак зазначыў, што Хрыстова Нараджэнне поўнае Божых сюрпрызаў, якія могуць здавацца нязручнымі, але адпавядаюць густу Пана. “Калі іх прымем, зробім цудоўны сюрпрыз для саміх сябе”, - заўважыў Пантыфік.

Рэпартаж з Зала Паўла VI
Навіна ў фармаце аўдыё
19 снежня 2018, 11:40