Папа ў праекце “Ave Maria”: нават мусульмане шануюць Маці Божую
Праект выходзіць на італьянскім каталіцкім “TV 2000”. У яго рамках Святы Айцец радок за радком каментуе малітву “Вітай, Марыя”.
Францішак зазначыў, што ў адносінах да марыйных аб’яўленняў нярэдка здараюцца пэўныя “перабольшванні”, і таму Касцёл павінен вельмі асцярожна ставіцца да гэтага. “Вера заснаваная на Евангеллі, на Аб’яўленні, на Традыцыі Аб’яўлення”, - нагадаў Папа. Праблемы ўзнікаюць, калі ўся ўвага канцэнтруецца выключна на Марыі. Маці Божая павінна ўказваць на Езуса, а калі так не адбываецца, з гэтымі аб’яўленнямі штосьці не так, патлумачыў Пантыфік.
Каментуючы марыйны гімн “Магніфікат”, Святы Айцец зазначыў, што хрысціяне часта забываюцца пра малітву праслаўлення і адарацыю. “Марыя адаравала Бога і праслаўляла Бога. “Магніфікат” з’яўляецца менавіта гэтым”, - патлумачыў ён.
Папа падзяліўся гісторыяй, пра якую даведаўся ад аднаго біскупа з афрыканскай краіны, дзе “хрысціяне і мусульмане жывуць у міры”. Падчас нядаўняга Юбілею Міласэрнасці перад уваходам у мясцовую катэдру ўтварылася чарга: некаторыя людзі ішлі да канфесіяналаў, іншыя – памаліцца, але большасць ішла да алтара, прысвечанага Маці Божай, і гэта былі мусульмане. “Ішлі да Багародзіцы, бо Марыя блізкая мусульманскаму народу”, - падкрэсліў Францішак.
Праграма “Ave Maria” рыхтуецца тэлеканалам Канферэнцыі Біскупаў Італіі, у супрацоўніцтве з ватыканскай Дыкастэрыяй па камунікацыі. Раней Францішак прымаў удзел у тэлепраекце “Padre Nostro” (Ойча наш), у якім ён тлумачыў значэнне галоўнай хрысціянскай малітвы.