Папа прыняў даверчыя граматы новых паслоў пры Святым Пасадзе
13 снежня 2018 г. Францішак прыняў даверчыя граматы новых дыпламатычных прадстаўнікоў Швейцарыі, Мальты, Багамскіх Астравоў, Каба-Вэрдэ, Ісландыі, Туркменістана, Грэнады і Гамбіі.
Звяртаючыся да сваіх гасцей, Пантыфік нагадаў, што сёлета адзначаецца 100-годдзе заканчэння Першай сусветнай вайны, якую Бэнэдыкт XV, яе сучаснік, назваў “бессэнсоўнай бойняй”. Францішак пажадаў, каб урокі дзвюх вялікіх войнаў ХХ ст.“працягвалі пераконваць народы і іх лідараў у бессэнсоўнасці ўзброеных канфліктаў і неабходнасці вырашаць супярэчнасці праз цярплівы дыялог і перамовы”.
Спасылаючыся на 70-годдзе Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, якое адзначалася некалькі дзён таму, Папа пажадаў, каб гэты дакумент працягваў натхняць намаганні міжнароднай дыпламатыі, “накіраваныя на забяспячэнне міру ў свеце і спрыянне інтэгральнаму развіццю кожнага чалавека і ўсіх народаў”. Гэтыя дзве мэты, паводле яго, з’яўляюцца нераздзельнымі.
, - сказаў ён.
Святы Айцец нагадаў пра маральны абавязак “прымаць, абараняць, падтрымліваць і інтэграваць тых, хто стукае ў нашыя дзверы ў пошуку бяспечнай будучыні для сябе і сваіх дзяцей”. “Касцёл, са свайго боку, абавязваецца працаваць з кожным адказным суразмоўнікам у канструктыўным дыялогу, накіраваным на прапанову канкрэтных рашэнняў гэтай і іншых тэрміновых гуманітарных праблем, каб ратаваць жыцці і годнасць людзей, памяншаць пакуты, пашыраць сапраўднае і інтэгральнае развіццё”, - запэўніў Францішак новых дыпламатычных прадстаўнікоў пры Святым Пасадзе.